Магілёўскую журналістку пакаралі штрафам у 25 базавых велічынь
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 24 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу магілёўскай журналісткі-фрылансера Дар’і Чульцовай.
Суддзя Таццяна Міхайлава прызнала Чульцову вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ і пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП.
Судовы працэс праходзіў без прысутнасці самой журналісткі. Чульцова накіравала заяву ў Кастрычніцкі суд з просьбай, каб справу разгледзелі без яе, патлумачыла, што не зможа явіцца ў суд у сувязі са складанай эпідыміялагічнай сітуацыяй. Разам з тым журналістка ў заяве адзначыла, што не лічыць сябе вінаватай у здзяйсненні якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў.
Разгляд справы ў судзе працягваўся каля паўтары гадзіны. Суддзя заслухала паказанні сведкаў: двух супрацоўнікаў магілёўскага АМАПу. Міліцыянты распавялі, што бачылі, як Чульцова “ажыццяўляла інтэрв’юіраванне грамадзян каля дома нумар 79 па вуліцы Гагарына ў Магілёве”. Там каля гіпермаркета “Е‑сіці” 8 лютага праходзіла акцыя супраць падвышэння коштаў на бензін. Матэрыял пад назвай “Пратэстоўцы супраць павышэння коштаў на бензін плануюць збірацца кожную суботу” з’явіўся на тэлеканале “Белсат” 9 лютага.
Суддзя Міхайлава зачытала матэрыялы справы і прыняла рашэнне: пакараць Дар’ю Чульцову штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў).
У кастрычніку 2019 года журналістку ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Тады старшыня суда Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава пакарала журналістку на 20 базавых велічынь за сюжэт пад назвай “Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. “Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь”.
27 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва павінен адбыцца разгляд справы журналіста Міхаіла Аршынскага. Адміністрацыйны пратакол на яго склалі за відэаздымку ўсе той жа акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін.