Суд не дазволіў блогерцы Алене Янушкоўскай сплаціць штрафы з адтэрміноўкай
Агульная сума штрафаў, вынесеных ёй за распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках пра акцыі падтрымкі незалежнасці Беларусі і за ўдзел у гэтых акцыях, сягае 4725 рублёў (175 базавых велічынь). Блогерка прасіла, каб ёй дазволілі адтэрмінаваць выплату такой вялікай сумы на паўгода. Але суддзі Алена Цыганкова, Міхаіл Зубеня і Наталля Траццякова не пагадзіліся.
Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую судзілі шэсць разоў: у Віцебску і ў Мінску. Яна тлумачыла суддзям, што нядаўна перанесла складаную аперацыю, пакуль не можа ўладкавацца на працу, і што не мае каштоўных рэчаў, якія можна было б прадаць. Распавяла і пра тое, што была вымушаная абвясціць прыватны збор сродкаў у інтэрнэце, пакуль назбіралася толькі 1800 рублёў — менш за палову неабходнай сумы. Але яна не губляе надзеі сабраць неабходную суму з дапамогай неабыякавых людзей.
Суддзяў гэта не пераканала, і ўсе трое адмовілі ёй у адтэрміноўцы выплаты штрафаў без аніякіх тлумачэнняў.
На думку Алены Янушкоўскай, спачатку штрафамі, а цяпер пагрозай канфіскаваць маёмасць улады імкнуцца прымусіць яе замаўчаць. “Як і іншых блогераў, якія церпяць ціск толькі за тое, што транслююць людзям праўдзівую інфармацыю з падзеяў, якія не асвятляюць дзяржаўныя СМІ”, — кажа спадарыня Алена.
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў зазначае, што гэтыя адмовы вельмі паказальныя: “Суддзі не думаюць пра чалавека, якага караюць нібыта “дзеля выпраўлення”. Галоўнае для іх — любой цаной спагнаць грошы ў дзяржаўны бюджэт”.