Валянціна Цішко выклікаюць у СК Мінска. Меркавана, па справе Чудзянцова
Сябра ГА "БАЖ" Валянціна Цішко выклікаюць у Следчы камітэт горада Мінска на допыт 11 сакавіка а 14-й гадзіне.
Паводле слоў Валянціна, яму патэлефанавала следчая і паведаміла пра тое, што яго выклікаюць на допыт у Следчы камітэт горада Мінска ў статусе сведкі. Яна адмовілася назваць сваё прозвішча, а таксама па якой канкрэтна справе Валянцін праходзіць сведкай.
Валянцін Цішко мяркуе, што гэта звязана са справай Уладзіміра Чудзянцова.
«У Чудзянцова забралі тэхніку і атрымалі доступ да яго асабістых акаўнтаў. З Чудзянцовым мы знаёмыя даўно, але толькі праз Facebook, у перапісцы абмяркоўвалі шмат што. У рэальным жыцці мы ніколі не сустракаліся», — тлумачыць Валянцін.
Нагадаем, Уладзіміру Чудзянцову прад’яўленыя абвінавачанні па частцы 1 артыкула 328 КК РБ — «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка альбо перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў альбо аналагаў», а таксама ч. 1 артыкула 328–1 — «Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза альбо дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў альбо аналагаў».
10 студзеня 2020 года Следчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова распачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама непаўнагадовага» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэкса.
Уладзіміра Чудзянцова затрымалі 21 лістапада 2019 года на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакунак з наркатычным рэчывам.
Актуальное руководство по безопасности для журналистов. Часть 1: основные правила
Вербовка, угрозы, шантаж. Руководство по безопасности для журналистов, часть 2
—
У 1990‑я Уладзімір Чудзянцоў пад сваім тагачасным прозвішчам Зуеў пісаў у дзяржаўных газетах пра апазіцыю, у 2010 годзе Чудзянцоў стаў рэпарцёрам Tut.by, але праз скандалы, звязаныя з яго мінулым, звольніўся.
46-гадовы Уладзімір Чудзянцоў апошнім часам займаўся сваім сайтам by24.org. Блогер NEXTA заявіў, што Чудзянцоў дапамагаў з кантэнтам для яго тэлеграм-канала.