Кіраўнік “Брэстаблкінавідэапракату” адмовіўся размаўляць з журналістамі, бо ў іх “няма акрэдытацыі”
Журналісты-фрылансеры, сябры ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава, што супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”, рабілі сюжэт пра супрацьстаянне кінааматараў і пракатчыкаў кіно ў Брэсце.
Каб атрымаць афіцыйны каментар, журналісты прыйшлі 27 лютага ў дзяржаўнае абʼяднанне “Брэстаблкінавідэапракат” і звярнуліся з пытаннем да намесніка дырэктара Ігара Варлахіна.
“Ён патлумачыў, што ў яго ёсць кіраўнік, патэлефанаваў яму і распавёў пра “наш беларускі Белсат”. Пасля нам паведамілі, што трэба прыйсці на наступны дзень раніцай, калі дырэктар аб’яднання Дзмітрый Сялюк будзе на месцы”, — кажа Алесь Ляўчук. Паводле яго слоў, калі 28 лютага разам з Міланай Харытонавай ён прыехаў і патэлефанаваў у дамафон,
сакратарка прадпрыемства адказала, што не пусціць у памяшканне, бо ў журналістаў “няма акрэдытацыі”. Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава ўсё ж трапілі ў прыёмную дырэктара, але там зноў пачулі, што ёсць загад іх не пускаць.
“Лічу, што спадар Сялюк парушыў маё права на атрыманне інфармацыі, якое мне гарантуе Канстытуцыя, а яго сакратарка перавысіла свае службовыя паўнамоцтвы. Замест таго, каб патлумачыць пазіцыю абʼяднання “Брэстаблкінавідэапракат”, яго кіраўнік сам стварае канфліктную сітуацыю”, — мяркуе Алесь Ляўчук.
Брэсцкі журналіст таксама распавёў, што дзяржаўныя ўстановы апошнім часам вядуць мэтанакіраваную палітыку, нібыта незалежных СМІ ў краіне не існуе. Адмовіліся каментаваць альбо даваць запатрабаваную інфармацыю яшчэ шэраг дзяржаўных структур.
“Напрыклад, гэта тычыцца праблем у сферы медыцыны і асвятлення вуліц Брэста. Такая закрытасць не прынясе нічога добрага: як бы ўлады не спрабавалі ігнараваць незалежныя медыя, выкрэсліць іх з жыцця краіны не атрымаецца”, — зазначыў Алесь Ляўчук у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.