Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова ўзнагароджаная прэміяй Руху “За Свабоду”
Сябра Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова ўганараваная за актыўную грамадзянскую пазіцыю прэміяй імя Віктара Сырыцы, запачаткаванай Рухам “За Свабоду”.
У мінулым годзе з ініцыятывы Ларысы Шчыраковай гісторыкі, журналісты і проста неабыякавыя гамельчукі распачалі грамадскую кампанію “Забітыя і забытыя”. Старт кампаніі быў дадзены на мясцовай ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”. Было вырашана разам дамагацца даследавання і годнага ўшанавання месцаў масавых расстрэлаў мірных грамадзян у ваколіцах Гомеля ў 30–40‑я гады ХХ стагоддзя. Гаворка найперш пра расстрэлы, які ўчынялі карнікі НКУС у Шчакатоўскім і Бутулінскім лясах, што абапал Чарнігаўскай шашы. Ёсць сведчанні, што забівалі мірных жыхароў і ў Ляшчынскім лесе, які цяпер знаходзіцца ў межах горада паміж вуліцай Барыкіна і Рэчыцкім праспектам.
Сабраныя сотні подпісаў гараджан пад зваротамі да Гомельскіх абласнога і гарадскога выканкамаў, пракуратуры, рэгіянальных упраўленняў Следчага камітэта і КДБ аб даследаванні і правядзенні раскопак масавых пахаванняў.
З ініцыятывы кампаніі ладзіліся сустрэчы з гісторыкамі, даследчыкамі масавых рэпрэсій камуністычных часоў Ігарам Кузняцовым і Мікалаем Крывальцэвічам. Збіраюцца архіўныя звесткі пра рэпрэсіі, запісваюцца відэа- і аўдыясведчанні сваякоў рэпрэсаваных беларусаў. Напрыканцы студзеня ўдзельнікі кампаніі зладзілі ў Бутулінскім лесе адмысловую арт-акцыю.
“Я радая, што наша кампанія “Забітыя і забытыя” стала заўважнай у краіне, што тэму масавых рэпрэсій у сталінскія часы ўдалося вярнуць у грамадскі дыскурс. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе гэтая тэма не даследуецца на дзяржаўным узроўні. У нас няма нават афіцыйных звестак пра колькасць рэпрэсаваных грамадзян, хоць трагедыя закранула сотні тысяч беларускіх сем’яў. Мой прадзед Рыгор Кавальчук, які жыў у Нараўлянскім раёне, таксама быў рэпрасаваны”, — зазначыла ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” лаўрэатка прэміі імя Сырыцы, журналістка Ларыса Шчыракова.
Актывісты кампаніі “Забітыя і забытыя” дамагаюцца, каб расстрэльныя месцы мелі ахоўны статус і адпаведныя мемарыяльныя знакі.