Па знявагах у інтэрнэце Брэстчына — лідар сярод рэгіёнаў Беларусі
Такую выснову зрабіла судовы эксперт упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці, спецыяліст па лінгвістычнай экспертызе Юлія Папко.
У інтэрв’ю абласной газеце “Заря” яна паведаміла, што першая лінгвістычная экспертыза на Брэстчыне была зробленая ў чэрвені 2019 года, і зараз падобных экспертыз значна больш.
“Эксперты робяць лінгвістычную экспертызу паводле матэрыялаў праверак праваахоўных органаў, звязаных, як правіла, з абразай, паклёпам ці экстрэмізмам. Для нашага рэгіёна характэрна як раз першае. Па абразах у сеціве мы лідыруем сярод іншых абласцей. Такую спецыфіку можна растлумачыць прымежным размяшчэннем і блізкасцю Еўропы, дзе свабода меркаванняў часам выходзіць за межы яе законнага ўвасаблення”, — кажа Юлія Папко.
Паводле яе тлумачэнняў, сам тэрмін “абраза” — не лінгвістычны, а юрыдычны. У юрыспрудэнцыі ён трактуецца як наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме. Пад гэтым лінгвісты разумеюць негатыўную ацэнку ў дачыненні да аднаго з удзельнікаў дыялогу, выказаную ў вуснай альбо пісьмовай мове, і якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання.
“У асноўным прадметам праверак становіцца публічная перапіска ў інтэрнэце: каментары, фотаздымкі з подпісам, відэаролікі абразлівага характару, — пералічвае дзяржаўны судовы эксперт. — Варта памятаць, што грань паміж выказваннем меркавання і выказваннем негатыўнай ацэнкі асобы вельмі тонкая. Ёсць пэўныя жанры, у якіх падобнае дапускаецца. Гэта кнігі скаргаў і прапаноў, водгукі — у друкаваным ці электронным варыянце. Натуральна, там будзе прысутнічаць негатыўная ацэнка дзейнасці асобы”.
Спецыяліст па лінгвістычнай экспертызе заўважае, што больш за ўсё абразлівымі выказваннямі злоўжываюць карыстальнікі сацыяльнай сеткі “Вконтакте”.
Юлія Папко нагадвае, што адказнасць за абразу прадугледжваецца артыкулам 189, за паклёп — артыкулам 188 Крымінальнага кодэкса РБ. У абодвух выпадках фігуранту справы пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу ці папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, арышту альбо абмежавання волі тэрмінам да 3 гадоў.
На правядзенне лінгвістычнай экспертызы адведзена да 30 сутак, а штомесяц на аднаго лінгвіста ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці прыходзіцца 8–10 даследаванняў.
“Эксперты нясуць адказнасць за сваё заключэнне, — кажа Юлія Папко. — У адрозненне ад свабодных спецыялістаў, якія могуць дазволіць сабе больш вольнасцяў у развагах, мы скаваныя методыкай і абапіраемся на меркаванне аўтарытэтных крыніц. Таму заключэнне экспертаў з’яўляюцца важкім аргументам у судзе”.