Рэдкая з’ява: справу супраць журналіста спынілі ў сувязі з недаказанасцю
Сёння адбылося другое пасяджэнне суда па адміністрацыйнай справе журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэнне Закона аб СМІ за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. У выніку суддзя Глыбоцкага раённага суда Станіслаў Трапук вынес пастанову аб спыненні справы ў сувязі з недаказанасцю.
Першае слуханне справы, заведзенай у дачыненні журналіста на падставе часткі 2 артыкула 22. 9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), адбылося 27 студзеня. Але тады суддзя адправіў яе ў міліцыю на дапрацоўку, бо немагчыма было вызначыць дакладную дату правапарушэння.
Пасля маёр міліцыі Сяргей Цырбан выклікаў Змітра Лупача для правядзення чарговага апытання і выправіў дату ва ўжо старым пратаколе. Таксама міліцыянт з’ездзіў у гарадскі пасёлак Падсвілле і апытаў яшчэ двух сведак. Але і гэта не дапамагло вызначыць дакладную дату меркаванага адміністрацыйнага правапарушэння і даказаць вінаватасць журналіста.
Як кажа Зміцер Лупач, у яго быў спадзёў, што ўсё ж апраўдаюць: “50 на 50”. Бо ў судзе былі заяўленыя шмат хадайніцтваў і прадастаўленыя доказы, што ў той дзень, ён не здымаў жыхароў дома па вуліцы Савецкай у Падсвіллі, як даводзілі міліцыянты. Таксама журналіст дадае, што і справу разглядаў суддзя, якога лічаць у горадзе больш-менш справядлівым. “Наколькі можна быць справядлівым ва ўмовах нашай краіны”, — заўважае Зміцер Лупач.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, яму спадабалася, як вёў працэс суддзя:
— Ён сапраўды намагаўся разабрацца ва ўсіх акалічнасцях справы журналіста. Але, у рэшце рэшт, ён Змітра ўсё ж такі не апраўдаў, а пастанавіў спыніць справу ў сувязі з недаказанасцю віны. Суддзя патлумачыў, што правапарушэнне Змітром было ўчыненае, але міліцыянты, якія вялі адміністрацыйны працэс, не змаглі прадаставіць дастатковых доказаў. Я лічу, што можна паспрабаваць абскардзіць гэтую пастанову і прасіць суд другой інстанцыі змяніць фармулёўку на адсутнасць у дзеяннях Змітра Лупача складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Нагадаем, сёлета ў Змітра Лупача гэта было трэцяе па ліку судовае пасяджэнне: два — па гэтай справе 27 студзеня і 19 лютага ў Глыбокім, а перад тым, 10 студзеня, суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч пакарала журналіста штрафам за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.
Пераслед журналіста з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць не спыняецца. Некалькі дзён таму на яго склалі пратакол шаркаўшчынскія міліцыянты. Гэтым разам падставай стаў відэасюжэт пра дзіцячую пляцоўку ў Шаркаўшчыне, паказаны на тэлеканале “Белсат”.