• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскі аблсуд адправіў на новы разгляд справу аб дыслайку

    Магілёўскі абласны суд адмяніў штраф за “экстрэмісцкі” дыслайк і накіраваў справу на новы разгляд.

    Магілёўскі абласны суд 6 лютага разгледзеў скаргу грамадскага актывіста Андрэя Юркова на пастанову Дрыбінскага раённага суда па адміністрацыйнай справе за распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі.

    Нагадаем, што 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў Юркова штрафам  у памеры 10 базавых велічынь (255 рублёў) паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства) . 

    Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў  экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На ілюстрацыі ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі. Пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.

    Юркоў тлумачыў у судзе, што не меў ніякага намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай дыслайка выказваў негатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.

    У сваім выступе ў Магілёўскім абласным судзе Андрэй Юркоў звярнуў увагу на тры факты:

     — на тое, што малюнак, пад якім ён паставіў значок “сумую”, не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ;

    - на тое, што, паставіўшы значок, ён не меў намеру здзейсніць нейкія  супрацьпраўныя дзеянні;

     — а таксама на тое, што беларускае заканадаўства дае яму права сумаваць па ахвярах нацысцкага і савецкага рэжымаў і выказваць сваё асабістае негатыўнае стаўленне да нацысцкай і савецкай сімволікі.

    Напрыканцы выступу Юркоў звярнуўся да абласнога суда з просьбай адмяніць пастанову суда Дрыбінскага раёна і спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні  да яго.

    Вывучыўшы матэрыялы справы і заслухаўшы довады Юркова, суддзя Магілёўскага абласнога суда Аляксандр Іванкоў прыняў рашэнне адмяніць пастанову суддзі Барыса Пігаля аб пакаранні Андрэя Юркова штрафам і накіраваць адміністрацыйную справу на новы разгляд іншаму суддзі.

    Копія рашэння суддзі Іванкова цягам трох дзён будзе высланая Юркову і ў суд Дрыбінскага раёна.

    У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Юркоў адзначыў, што не чакаў такога рашэння аблсуда — быў перакананы, што яго скаргу не задаволяць, і збіраўся абскарджваць рашэнне суда Дрыбінскага райсуда ўжо ў Мінску.

    “Зараз з’явілася спадзяванне, што пры паўторным разглядзе справы нарэшце прымуць да ўвагі мае довады пра тое, што я не меў аніякага намеру распаўсюджваць нацыскую сімволіку, а проста выказаў сваё стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў”, — адзначыў Юркоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці