«Прызнаць вінаватай». Журналістку Дзіяну Серадзюк пакаралі штрафам на падставе новых паказанняў АМАПаўца
Журналістка газеты «Новы Час» пакараная вялізным штрафам за ўдзел у акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі”. Нагадаем, гэта ўжо другі суд па справе Дзіяны Серадзюк. Па выніку першага паседжання суд вярнуў матэрыялы справы на дапрацоўку.
На сённяшнім паседжанні Дзіяна Серадзюк адмовілася сведчыць супраць сябе.
Першы сведка — супрацоўнік міліцыі Сяргей Астаф’еў — паведаміў, што несанкцыянаванае мерапрыемства 20 снежня ішло доўгі час і ўвечары каля парка Купалы ён убачыў Дзіяну і сфатаграваў яе на мабільны тэлефон. Здымак гэты прысутным на паседжанні не прадэманстравалі.
Па словах Астаф’ева, Дзіяну ён ведае “па працы”, на акцыі яна, нібыта не была пазначана як журналістка, а таксама выкрыквала лозунг “Жыве Беларусь”.
Вышэйпрыгаданае фота, як апынулася, было зроблена на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкім Купалы, а ў парку Астаф’еў “не змог зняць Серадзюк, бо яна адвярнулася”.
Сведка Івашкоў мінулым разам упэўнена сцвярджаў, што бачыў Дзіяну ў прамежку часу 18–18:30. Але на сённяшнім паседжанні Івашкоў сказаў, што, даючы тыя паказанні, памыліўся і што тады не бачыў гэтую грамадзянку, а бачыў пры іншых абставінах.
Дзіяна Серадзюк звярнула ўвагу, што здымак з тэлефона Астаф’ева — той жа здымак, што раней быў у справе толькі каляровы. Але пры гэтым раней сцвярджалася, што здымак зроблены з камеры відэаназірання. Таксама звяртае ўвагу, што недапушчальна такім карэнным чынам змяняць паказанні, узнікае пытанне наконт прафпрыдатнасці Івашкова.
У 2017 годзе Дзіяну ўжо судзілі ў Першамайскім судзе і апраўдалі праз даказаную хлусню сведак з РУУС .Таму яна заявіла таксама пра недавер да міліцэйскіх сведак і хадайнічала аб спыненні працэсу.
Серадзюк заўважыла, што яшчэ адзін сведка Шайко ўвесь час у судзе не з’яўляецца, а яго паказанні ў справе дублююць словы Івашкова і першы раз і другі раз слова ў слова — нават памыляюцца супрацоўнікі міліцыі аднолькава.
Дзіяна Серадзюк папрасіла далучыць да справы сваю прамову пра міжнароднае і беларускае заканадаўства, якое гарантуе кожнаму грамадзяніну права на ўдзел у мірных сходах.
Аднак, нягледзячы на гэтую прамову, на недастатковую доказную базу, памылкі ў паказаннях сведкаў і іншыя недарэчнасці, суд вынес вердыкт: «Прызнаць вінаватай і пакараць 50 базавымі велічынямі штрафу (1 350 беларускіх рублёў)».
«Диана — известная в оппозиции личность». Журналистку судят за акцию, на которой она даже не была