Журналістку «Новага Часу» будуць судзіць за акцыю, на якой яе нават не было. Прыходзьце падтрымаць калегу!
10 студзеня будуць судзіць журналістку "Новага Часу" Дзіяну Серадзюк быццам бы за ўдзел у акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй 20 снежня 2019 года. Але Дзіяна падчас гэтай акцыі была зусім у іншым месцы — на занятках англійскай мовы.
Дзіяна Серадзюк гаворыць, што рэпетытарка не зможа ў гэты час прыйсці ў суд, каб засведчыць, што 20-га снежня Дзіяна прысутнічала ў яе на занятках.
«Магчыма, яна падрыхтуе ў пісьмовай форме свае паказанні, або буду хадайнічаць аб пераносе судовага паседжання на іншы час», — гаворыць Дзіяна Серадзюк.
Заклікаем калллег праявіць салідарнасць і прыйсці на працэс, які пачнецца ў судзе Першамайскага раёна Мінска (бульвар Талбухіна, 9) 10 студзеня ў 10.30.
Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк аштрафавалі на 490 рублёў за асвятленне акцыі салідарнасці
Нагадаем, у снежні 2018 года суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля Расійскай амбасады. Сярод фігурантаў была і журналістка газеты «Новы Час» Дзіяна Серадзюк. Журналістку за асвятленне акцыі пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
Суддзя Іван Касцян, нягледзячы на ўсе аргументы з боку журналісткі Дзіяны Серадзюк і рэдакцыі «Новага Часу», палічыў, што Серадзюк удзельнічала ў акцыі, а не асвятляла яе.
—
Таксама ў бліжэйшыя дні адбудуцца суды над пісьменнікамі за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці Беларусі.
9 студзеня, Суд Цэнтральнага раёна Мінска (вул. Кірава, 21):
10:00 — суд над Лявонам Баршчэўскім
12:00 — суд над Пятром Садоўскім.
10 студзеня, Дом Правасуддзя (вул. Сямашкі, 33):
10:00 — суд над Уладзімірам Някляевым
12:00 — суд над Уладзімірам Арловым.