• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    INTEX-PRESS — 25! Чвэрць стагоддзя — гэта досвед, чытачы, урэшце само жыццё

    Неўзабаве праляцеў яшчэ адзін год. Менавіта праляцеў, бо, здаецца, толькі выпусцілі першы нумар 2019-га, а ўжо рыхтуем новыя выпускі 2020 года.

    Цяжка сказаць, якім ён быў — 2019 год: добрым ці дрэнным, простым ці складаным. Жыццё незалежных СМІ ніколі не было прадказальным і павольным: змены ў заканадаўстве, нежаданне мясцовых уладаў супрацоўнічаць і даваць інфармацыю прымушаюць рухацца, шукаць новыя шляхі развіцця. Аднак вядома, што рух – гэта жыццё. Толькі мы не проста рухаемся ці жывём, а ідзём наперад, імкнемся да прафесійнага росту. Пацверджанне таму — дыпломы, якія атрымліваюць нашы журналісты ў такіх конкурсах, як «Вольнае слова» і «Найлепшае рэгіянальнае медыя».

    Асабіста мне і маім калегам адыходзячы год запомніцца тым, што 30 снежня нашаму выданню споўнілася 25 гадоў. Многа гэта ці мала? Магчыма, для СМІ гэта не ўзрост, але, з іншага боку, чвэрць стагоддзя — гэта новыя здзяйсненні і вопыт, гэта чытачы, якія дзеляцца з намі сваімі праблемамі і дасягненнямі, болем і радасцю. Урэшце гэта жыццё кожнага з нас, хто працуе ў Intex-press.

    Адначасова гэта яшчэ і творчая пляцоўка, адкуль для журналістаў-пачаткоўцаў пачынаецца сцежка да адкрыцця новых прафесійных вяршынь. 

    Названыя лепшыя рэгіянальныя СМІ па версіі Асацыяцыі выдаўцоў ШМАТ ФОТА

    З пазітыўных падзей трэба адзначыць рост аўдыторыі нашага сайта, пашырэнне «тэрыторыі» ў сацсетках, запуск рэкламнага агенцтва, а таксама высадку дрэў усім калектывам рэдакцыі ў гонар нашага 25-годдзя.

    Зразумела, што хапала ў адыйшоўшым годзе і негатыўных момантаў. Але іх можна назваць звыклымі і прадказальнымі: адмова чыноўнікаў у прадастаўленні інфармацыі, патрабаванне з іх боку бессэнсоўных запытаў, скарачэнне тыражу газеты.

    Асабіста мне было цяжка развітвацца з журналістамі, якія з’ехалі з Баранавіч і пакінулі Intex-press. І справа нават не ў тым, што трэба шукаць новых, вучыць іх (хаця ў гэтым таксама), а ў тым, што кожны з іх стаў часцінкай мяне асабіста.

    Чаго чакаю ад новага года? Хацелася б, безумоўна, свабоды ў прафесійным плане: каб стала лягчэй атрымліваць інфармацыю, каб больш часу можна было прысвяціць творчасці, падрыхтоўцы грунтоўных матэрыялаў, цікавым праектам, а не «баданню» і перапісцы з мясцовымі ўладамі і начальнікамі розных арганізацый.

    Сваім калегам я хачу пажадаць трываласці, неабыякавасці да нашай прафесіі, творчага аптымізму і веры ў лепшае. Дзякуй усім, хто быў і застаецца з намі.

    Рэдакцыя BAJ.BY віншуе калег з 25-годдзем працы!

    Зычым вам поспехаў, прафесійных вяршыняў ды прыемных падзей у асабістым жыцці! Светлых дзён!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці