Старшыня Брэсцкага гарвыканкама сустрэўся з медыяактывістамі. Пятрухіна і незалежных журналістаў не запрасілі
У Брэсцкім гарвыканкаме адбылася сустрэча з прадстаўнікамі мясцовых анлайн-выданняў і блогерамі. Але запрасілі не ўсіх.
Другі год запар напярэдадні Калядаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук ладзіў сустрэчу з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ і медыяактывістамі.
Гэтым разам “традыцыйныя” журналісты апынуліся ў відавочнай меншасці, бо сярод прысутных былі прадстаўнікі толькі дзвюх мясцовых газет — “Вечерний Брест” і “Брестский вестник” — і тэлеканала “Буг-ТВ”. Затое ў спісе запрошаных апынуліся прадстаўнікі інтэрнэт-парталаў, гарадскія блогеры, уладальнікі YouTube-каналаў і проста медыяактывісты — агулам больш за дзясятак асобаў.
Звяртала на сябе ўвагу адсутнасць на сустрэчы журналістаў недзяржаўнай “Брестской газеты”, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія досыць крытычна ставяцца да дзеянняў мясцовых уладаў.
На самым пачатку паўтарагадзіннай гутаркі Аляксандр Рагачук падкрэсліў, што яго падначаленыя адсочваюць навіны абсалютна на ўсіх парталах, якія тычацца Брэста і жыхароў горада. Больш за тое, старшыня гарвыканкама прызнаўся, што асабіста дастаткова аператыўна знаёміцца з адметнымі матэрыяламі пра Брэст, іншым разам чытае каментары на сайтах і нават, хоць і вельмі рэдка, удзельнічае ў дыскусіях у сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.
На яго думку, прадстаўнікі масмедыя павінны часцей звяртацца да гарадской улады за інфармацыяй.
“Калі мы, органы ўлады, не будзем даваць людзям інфармацыйнай нагоды для абмеркавання — усё роўна якой, з плюсам ці мінусам, то ператворымся ў правінцыйны гарадок. У нас павінна рэгулярна нешта адбывацца”, — лічыць кіраўнік брэсцкай выканаўчай вертыкалі.
Аляксандр Рагачук заклікаў рабіць больш рэпартажаў пра жыццё Брэста, і нават калі яны ўтрымліваюць негатыў, неабходна звяртацца за каментаром да чыноўнікаў:
“Дайце нам мажлівасць выступіць. Толькі пра гэта заўсёды прашу і вельмі рады, што многія з інтэрнэт-выданняў ідуць насустрач”.