«Распространил путём наведения курсора на вкладку «класс» и нажатия смайлика «грущу» — міліцыянты прыйшлі з аглядам ў кватэру дрыбінскага актывіста
Суд Дрыбінскага раёна вярнуў на дапрацоўку ў міліцыю адміністрацыйную справу ў дачыненні дрыбінскага актывіста Андрэя Юркова за пастаўлены ім дыслайк у “Одноклассниках”. Неўзабаве пасля гэтага ўвечары 12 снежня супрацоўнікі міліцыі разам з панятымі прыйшлі на кватэру да Юркова, каб правесці агляд “сродкаў распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі” і скласці новы пратакол.
Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна, адзначае актывіст. Яны агледзелі камп’ютар, запісалі яго нумары і назвы, зрабілі фотаздымкі. Пасля гэтага склалі новы пратакол.
“Юрков А.Н. находясь по адресу : г. п. Дрибин ул. Ряснянская 5.10 в период времени с 26 сентября 2019 по 19 ноября 2019 года с использованием персонального компьютера имя устройства DESKTOP — 1717SSK7B принадлежащего ему будучи пользователем сети «Однокласники» распространил в анкете под псевдонимом «Андрэй Юркоў» в разделе лента путём наведения курсора на вкладку «класс» и нажатия смайлика «Грущу» изображения содержащего информационную продукцию включённую в республиканский список экстремистких материялов если в этих деяниях нет состава преступления ( полотно красного цвета с нацисткой символикой) доступ к которой не ограничен что позволяет его свободно распростронять. ч 2 ст 17.11 КоАП РБ” — напісалі дрыбінскія міліцыянеры ў новым пратаколе (арфаграфія аўтара захавана).
У Дрыбіне актывіста будуць судзіць за дызлайк у “Одноклассниках”
— Я зноў напісаў у пратаколе: “З пратаколам не згодны. Нічога на сваёй старонцы незаконнага не размяшчаў. Проста паставіў дыслайк пад матэрыялам у ленце”, — кажа Юркоў.
Дрыбінскія праваахоўнікі сказалі актывісту чакаць, калі яго выклічуць у суд.
Нагадаем, што Андрэя Юркова спрабуюць https://baj.media/be/content/u‑drybine-aktyvista-buduc-sudzic-za-dyzlayk-u-odnoklassnikah прыцягнуць да адказнасці паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП — нібыта за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
13 снежня ў судзе Дрыбінскага раёна павінна была разглядацца адміністрацыйная справа Юркова, які абвінавачваецца ў парушэнні ч. 2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
28 лістапада супрацоўнікі міліцыі склалі на Андрэя Юркова адміністрацыйны пратакол паводле ч. 2 ст. 17.11 КаАП “Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”. Лейтэнант міліцыі Станкевіч ў пратаколе пазначыў, што Юркоў размясціў “інфармацыйную прадукцыю, ўключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (палатно чырвонага колеру з нацысцкай сімволікай)”. Сам актывіст тлумачыць, што сёлета ўвосень паставіў знак “Сумую” ў “Одноклассниках” пад іллюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы.
Суддзя суда Дрыбінскага раёна Барыс Пігаль, азнаёміўшыся з яе матэрыяламі справы, вярнуў іх у Дрыбінскі РАУС для выпраўлення недахопаў.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў адзначае, што “адміністрацыйная справа з‑за мема — гэта ўжо мем”.
— У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў сапраўды ёсць забарона на чырвонае палатно са свастыкай. Але там маецца на ўвазе канкрэтна рэч, а не інтэрнэт-карцінка, інакш была б пазначаная хоць якая-небудзь гіперспасылка. Малюнак, які апынуўся ў стужцы Юркова, наогул адсутнічае ў спісе экстрым-матэрыялаў, — лічыць Аляксандр Буракоў.
Андрэй Юркоў — вядомы ў Дрыбіне, Мсціславе і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе № 82.