• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Велічнасьць арыйскай расы? У мяне дзед — польскі габрэй». Пад варту ўзялі трэцяга падазраванага ў забойстве Паўла Шарамета

    Пячэрскі раённы суд Кіева ў ноч з 13 на 14 сьнежня ўхваліў рашэньне аб арышце да 8 лютага Андрэя Антоненкі, трэцяга падазраванага ў справе Паўла Шарамета. Сьледзтва лічыць яго арганізатарам злачыннай групоўкі, створанай з мэтай забойства журналіста, каб дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне.

    Разгляд адпаведнага хадайніцтва пракуратуры суд пачаў апоўначы па кіеўскім часе, пасьля таго, як аналягічныя рашэньні былі ўхваленыя ў дачыненьні да яшчэ двух падазраваных у справе Паўла Шарамета — Юліі Кузьменка (дзіцячы кардыяхірург, валянтэрка, будзе ўтрымлівацца пад вартай да 8 лютага, падазраецца ў закладваньні выбуховай прылады пад аўтамабіль) і Яны Дугар (вайсковая мэдсястра, валянтэрка, да 8 лютага будзе знаходзіцца пад кругласуткавым хатнім арыштам, падазраецца ў зьбіраньні інфармацыі аб графіку перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксаваньні месцаў разьмяшчэньня камэр зьнешняга назіраньня паблізу і на месцы злачынства).

    Адвакаты прасілі суд абраць больш мяккую меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту, улічыўшы станоўчыя характарыстыкі Андрэя Антоненкі зь месца ягонай службы, а таксама ад вядомых украінскіх актораў, музыкаў і народных дэпутатаў Украіны. Усе яны заявілі аб гатоўнасьці паручыцца за затрыманага і гарантаваць, што той будзе ўдзельнічаць ва ўсіх сьледчых дзеяньнях, не ўхіляючыся ад сьледзтва.

    Андрэй Антоненка — музыка, добраахвотнік, вайсковец-кантрактнік Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Вядомасьць яму прынесла песьня «Тихо прийшов, тихо пішов», якая стала нефармальным гімнам Сілаў спэцапэрацый. Дапамагаў у здымках дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных украінскаму войску. Два гады таму атрымаў адзнаку Міністэрства абароны Ўкраіны «За спрыяньне Ўзброеным сілам Украіны» і адзнаку прэзыдэнта «За гуманітарны ўдзел у Антытэрарыстычнай апэрацыі».

    Размаўляючы з журналістамі ў судзе, Андрэй Антоненка заявіў, што ў дзень гібелі журналіста знаходзіўся ў сяброў пад Кіевам, а з Паўлам Шараметам ніколі не перасякаўся і ня быў знаёмы, таму і ня меў матыву для ягонага забойства. У той дзень ён сустракаўся зь вялікай колькасьцю людзей, каб абмеркаваць перанос свайго канцэрту. Падазраваны назваў падазрэньні абсурднымі і не прызнаў сваёй віны.

    «Я ня маю ніякага дачыненьня да гэтай справы. Калі будзе інфармацыя ад майго імя, што я прызнаў сваю віну, то разумейце — быў сілавы ціск», — сказаў ён сваім сябрам, якія прыйшлі ў суд яго падтрымаць.

    Зьвяртаючыся да пракурораў, якія сваё падазрэньне абгрунтоўвалі «ўльтранацыяналістычнымі ідэямі» і «культываваньнем велічнасьці арыйскай расы», Андрэй Антоненка паведаміў, што мае габрэйскае паходжаньне:

    «У мяне дзед — польскі габрэй. Вы сваім заключэньнем абразілі мяне асабіста і маю сям’ю».

    Апроч таго, ён падкрэсьліў, што нават не знаёмы зь Янай Дугар, якая, паводле сьледзтва, уваходзіла ў нібыта створаную ім «арганізаваную злачынную групоўку».

    Раней украінскія правахоўнікі арыштавалі яшчэ двух добраахвотнікаў — мужа і жонку Ўладзіслава і Іну Грышчанкаў, магчыма датычных да забойства Паўла Шарамета. Але ім пакуль не абвясьцілі аб падазрэньні ў гэтай справе — яны былі арыштаваныя паводле абвінавачаньня ў замаху на забойства шляхам падрыву аўтамабіля ў Івана-Франкоўскай вобласьці.

    Пакуль сьледзтва абвясьціла аб пяці магчымых фігурантах справы аб забойстве Паўла Шарамета. У той жа час у паліцыі не выключаюць, што ў часе далейшага расьследаваньня кола падазраваных будзе пашырана.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці