Прэміяй імя Паўла Шарамета узнагародзілі журналістаў-расследавацеляў з Малдовы
Прэмію імя Паўла Шарамета прысудзілі арганізацыі RISE Moldova (www.rise.md) — гэта супольнасць журналістаў-расследавацеляў. Цырымонія ўзнагароджання адбывалася з удзелам мамы Паўла Шарамета Людмілы Станіславаўны падчас 11-й Асамблеі Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Бруселі.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання прысутныя правялі акцыю салідарнасці з грузінскім зняволеным доктарам Важа Гапрындашвілі. Ён быў затрыманы 9 лістапада па абвінавачванні ў наўмысным «незаконным перасячэнні дэ-факта мяжы з Паўднёвай Асеціяй», застаецца ў цхінвальскай турме. КДБ самаабвешчанай рэспублікі апублікаў заяву, у якой сцвярджаецца, што грузінскі доктар «у якасці ваеннага ўрача прымаў актыўны ўдзел у падзеях жніўня 2008 года». Гэта катэгарычна адмаўляюць у Тбілісі.
Вядучая цырымоніі нагадала пра шматлікія выклікі прафесіі: маніпуляцыі, фальшывыя навіны, пагрозы жыццю журналістам. Гэтыя праблемы востра стаяць на тэрыторыі, дзе дзейнічае праграма Усходняга партнёрства, то бок у краінах постСССР. Таму важныя салідарнасць і падтрымка незалежных журналістаў, якія адстойваюць свабоду слова.
Маці Паўла Шарамета Людміла Станіславаўна Шарамет, уручаючы ўзнагароду, сказала, што моц людзей — у супрацы і падтрымцы адзін аднаго:
— Павел заўсёды гаварыў: свабоду нельга купіць, яе нельга вымаліць, за яе трэба змагацца. Ён жыў з біблейскай мудрасцю: сіла не ў сіле, сіла ў праўдзе. Я хачу падзякаваць арганізацыйнаму камітэту гэтага прадстаўнічага форуму за тое, што імя Паўла жыве. Я хачу выказаць вам падзяку за тое, што вы займаецеся важнай справай: несяце еўрапейскія каштоўнасці ў свае краіны. Тут павінна быць вялікая ўзаемадапамога, бо па-аднаму нас лёгка зламаць, а калі мы разам, то гэта сіла. Вялікая роля ў гэтым належыць СМІ, журналістам. Я ганаруся тымі таленавітымі людзьмі, якія смела, мужна нясуць праўду ў свае краіны. І я спадзяюся, што праўда пераможа.
Напрыканцы сваёй прамовы Людміла Станіславаўна папрасіла ўсіх берагчы жыццё.
RISE Moldova (www.rise.md) — супольнасць журналістаў-расследавацеляў, праграмістаў і грамадзянскіх актывістаў Рэспублікі Малдова. RISE Moldova расследуе арганізаваную злачыннасць, сувязь крыміналу і палітыкаў, раскрывае схемы адмывання грошай ва Усходняй Еўропе, схемы карупцыі, кантрабанды, падатковыя злачынствы, спецыфіку гандлю зброяй, а таксама выкрывае іншыя схаваныя інтарэсы палітыкаў і чыноўнікаў.
Сёлета сярод намінантаў на прэмію імя Шарамета быў стваральнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Гэтымі днямі ў Бруселі праходзіць 11‑я Асамблея Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП). ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з’яўляецца сябрам Нацыянальнай платформы ФГС УП., арганізацыю на Форуме прадстаўляе рэдактар сайта BAJ.BY Вольга Хвоін.
—
Прэмію імя Паўла Шарамета ўручаюць прадстаўнікам СМІ і грамадзянскай супольнасці з краін Усходняга партнёрства.
Лаўрэатамі прэміі раней былі журналіст з Крыма Мікалай Сямёна, азербайджанская журналіст-даследчык Афган Мухтарлы, армянскі актывіст Давід Петрасян, журналістка з Малдовы Наталля Морар.
Премию имени Павла Шеремета получили журналистка из Молдовы и активист из Армении
Журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля кіраўніка «Украінскай праўды» Алены Прытула. Па версіі следства, забойства Шарамета звязанае з яго журналісцкай дзейнасцю.