Блогер Сяргей Пятрухін быў выдалены з выбарчага ўчастка за рэпартаж з буфета і прыбіральні
Інцыдэнт з блогерам Сяргеем Пятрухіным здарыўся ў Брэсце ў асноўны дзень галасавання на выбарчым участку № 2.
Як распавёў Сяргей Пятрухін, 17 лістапада з раніцы да поўдня ён назіраў за галасаваннем на гэтым участку, потым з’ехаў і вярнуўся ўвечары, каб пабачыць падлік галасоў. Аднак зноў трапіць на выбарчы ўчастак у блогера не атрымалася.
“Пасля вяртання я даведаўся, што старшыня ўчастковай выбарчай камісіі — дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Валерый Шчарбач пазбавіў мяне акрэдытацыі. За тое, што я размясціў у інтэрнэце відэа з буфета, дзе была танная гарэлка і ежа, а ў прыбіральні адсутнічала папера”, — паведаміў Сяргей Пятрухін.
Брэсцкі блогер дадаў, што яшчэ з раніцы старшыня выбарчай камісіі папярэджваў: фатаграфаць і рабіць відэа на выбарчым участку недапушчальна. Пры гэтым аргументаваць сваю забарону нормамі выбарчага заканадаўства Валерый Шчарбач не здолеў і спасылаўся на метадычныя рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама, якія не маюць законнай сілы.
“Дацэнт БрДТУ Валерый Шчарбач ужо трэці раз за апошнія гады ўзначальвае выбарчыя камісіі падчас электаральных кампаній у Брэсце. Але складаецца ўражанне, што дасканалых ведаў выбарчага заканадаўства не мае”, — зазначае Сяргей Пятрухін.