Надрукаваная ў дзяржаўнай газеце перадвыбарчая праграма стала нагодай для зняцця з выбараў кандыдата ў дэпутаты
Уладзімір Мароз вылучаўся па Брэсцкай-Памежнай акрузе № 4 і быў адзіным з чатырох актывістаў — праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста, хто прайшоў рэгістрацыю.
1 лістапада адбылося пасяджэнне выбарчай камісіі акругі № 4, на якім разглядаліся нібыта выяўленыя парушэнні ў дзеяннях Уладзіміра Мароза і яго давераных асоб у перыяд агітацыі. У прыватнасці, старшыня камісіі Надзея Зайцава заявіла, што Уладзімір Мароз падаў у камісію незавераную копію загаду аб прадастаўленні яму адпачынку. У гэтым угледзелі парушэнне артыкула 77 Выбарчага кодэкса.
Яшчэ адна прэтэнзія тычылася таго, што ініцыятыўная група кандыдата размясціла ў сацыяльных сетках інфармацыю пра сустрэчу Уладзіміра Мароза з выбаршчыкамі, якая павінна была адбыцца 31 кастрычніка. Аднак кандыдат не паведаміў пра яе камісіі за два дні, як таго патрабуе заканадаўства. Дарэчы, з‑за адсутнасці ўзгаднення гэтая сустрэча так і не адбылася.
Таксама акруговаму выбаркаму не спадабалася перадвыбарчая праграма Уладзіміра Мароза, якая была надрукаваная ў дзяржаўнай раённай газеце “Заря над Бугом”. У прыватнасці, гаворка ідзе пра выраз: «Мы сутыкнуліся з несправядлівым судом, міліцэйскім бязмежжам, бяздзейнасцю чыноўнікаў».
Менавіта гэтыя словы камісія палічыла «інфармацыяй, якая ганьбіць гонар дзяржаўных органаў і судовай сістэмы». Адна з чальцоў выбаркама заявіла, што такое выказванне «падрывае статус нашай дзяржавы».
Яшчэ на пасяджэнні камісіі было абвешчана, што ў яе звярнуліся некаторыя жыхары Брэста, якія скардзіліся на ўлёткі ад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Мароза. Ва ўлётках без выходных дадзеных гараджан запрашаюць 3 лістапада прыйсці на мітынг, які будзе праходзіць у межах перадвыбарчага пікета.
Паводле камісіі, такія ўлёткі былі таксама выяўленыя ў гімназіі № 6 Брэста, на прыпынках, слупах і іншых месцах, дзе не прадугледжана размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў. Ва ўлётках быў выраз «Зменім карумпаваную ўладу», што камісія палічыла заклікам да змены ўлады. Сам Уладзімір Мароз і прадстаўнікі яго ініцыятыўнай групы сцвярджаюць, што не распаўсюджвалі такія ўлёткі і лічаць гэта правакацыяй, якая павінна быць падставай для разгляду з боку міліцыі.
Абмеркаванне на пасяджэнні выбаркама атрымалася бурным і эмацыйным, у выніку з залы быў выдалены блогер Аляксандр Кабанаў, які вёў прамую трансляцыю пасяджэння на Youtube.
Выбарчая камісія праігнаравала меркаванні і аргументы ініцыятыўнай групы і адзінагалосна прагаласавала за адмену рэгістрацыі Уладзіміра Мароза кандыдатам у дэпутаты.