#Давайпака выйшлі кнігай. Спампаваць тут, прэзэнтацыя — у Менску!
У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга журналіста Алеся Пілецкага «Казкі па целефоне», якая стала вынікам ягонага аўтарскага праекту ў фэйсбуку #давайпака.
«Казкі па целефоне» — калекцыя выбраных дыялёгаў паміж паўмітычнымі пэрсанажамі палітычнага жыцьця Беларусі і замежжа, якія ў жанры гіпэррэалізму «ад агульнай млявасьці і асабістага суму» ў 2015 годзе пачаў пісаць у Фэйсбуку журналіст Алесь Пілецкі.
За тры гады выйшла амаль тры сотні дыялёгаў, кожны зь якіх зьбіраў сотні і тысячы лайкаў і рэпостаў у Фэйсбуку. У 2019 годзе #давайпака выходзілі на svaboda.org.
«Гэтая кніга мяняе страх на сьмех, а сьмех мяняе ўсё: тайна аказваецца пшыкам, улада — цыркам, цар — блазнам. Пагроза не зьнікае, зьнікае здранцьвеньне, якое ёсьць першым і галоўным прадуктам страху, — напісаў у прадмове да кнігі Бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук. — Гэтая кніга чытаецца як „Энеіда“ эпохі Фэйсбуку, і не зусім навыварат. Гэта наш час навыварат».
Прачытаць кнігу можна бясплатна і ўжо цяпер
Спампаваць у PDF »>
Прэзэнтацыя ў Менску
5 лістапада ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя «Казак па целефоне» і аўтограф-сэсія Алеся Пілецкага.
Месца сустрэчы: кафэ «Грай» (Інтэрнацыянальная, 33).
Час: 19.00.