Багатая газета. Крычаўская раёнка аказала гораду дапамогу на 35 тысяч рублёў
Рэдакцыя крычаўскай раённай газеты “Кричевская жизнь” з пачатку гэтага года выдаткаваў на дапамогу гораду і раёну 35 тысяч рублёў на разнастайныя патрэбы.
— 18 тысяч рублёў было выдзелена рэдакцыяй на добраўпарадкаванне Крычава, — распавяла галоўны рэдактар газеты Таццяна Іўкіна. — На гэтыя сродкі УКПП «Камунальнік» былі закупленыя урны, фарба для абнаўлення аб’ектаў на вуліцах горада і інш. Дапамогу ў памеры каля 5 тысяч рублёў мы аказалі сферы сельскай гаспадаркі на набыццё пратручвальнікаў насення рапсу ад комплексу шкоднікаў і хвароб.
Акрамя гэтага, па просьбе адміністрацыі Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў кастрычніку «Кричевская жизнь» аказала лякарні бязвыплатную спонсарскую дапамогу на суму больш за 12 тысяч рублёў для набыцця 355 камплектаў пасцельнай бялізны. Бялізну газета вырашыла набыць, каб “стварыць годныя ўмовы для лячэння пацыентаў”, бо, “на жаль, у фінансаванні сістэмы аховы здароўя раёна дынамікі росту не назіраецца”,— піша сайт газеты.
Паводле інфармацыі мясцовых незалежных журналістаў, “Кричевская жизнь” накіравала грошы на дапамогу горада і раёна пасля настойлівай “просьбы” з боку кіраўніцтва Крычаўскага райвыканкама. У газеты добрае фінансавае становішча, і дасягнута яно шмат у чым дзякуючы арганізацыі падпіскі на дзяржаўнае выданне з боку ўладных структур.
Неабходна адзначыць, што “Кричевская жизнь” не першы год аказвае фінансавую дапамогу мясцовым сельгаспрадпрыемствам і ўстановам сацыяльнай сферы. Некалькі гадоў таму газета набывала гаруча-змазачныя матэрыялы тром сельскагаспадарчым прадпрыемствам Крычаўскага раёна і канцылярскія тавары для мясцовай школы №5.