Глыбоцкія журналісты ўшанавалі памяць Язэпа Драздовіча
Сябры Глыбоцкай суполкі ГА «БАЖ» разам з грамадскімі актывістамі Глыбоччыны і Шаркоўшчыны наведалі магілу Язэпа Драздовіча. Штогод 13 кастрычніка, у дзень народзінаў мастака, этнографа і публіцыста яны збіраюцца на могілках у Ліплянах, каб узгадаць вядомага земляка. Сёлета на ўшанаванні прысутнічала каля 20 чалавек.
Па традыцыі на пачатку ўсклалі кветкі да магілы Язэпа Драздовіча, потым з вітальным словам выступіла Ада Райчонак — заснавальніца музея імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах, што ў Шаркаўшчынскім раёне. Пасля сябра глыбоцкай суполкі БАЖ і вядомая паэтка Марыя Баравік прачытала свае вершы ў гонар славутага земляка. Таксама са сваёй творчасцю пазнаёмілі прысутных паэтка з Падсвілля Людміла Баброўская, Ігар Дземідовіч з Шаркаўшчыны і малады паэт з Глыбокага Максім Нікіфаровіч.
З цікавым гістарычным расповедам выступіў рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун.
На ўшанаванне завіталі і мясцовыя старажылы, якія яшчэ крыху памятаюць вядомага земляка Язэпа Драздовіча, бо жылі з ім побач і часам сустракаліся з дзядзькам Язэпам у дзяцінстве.
Паводле іх слоў, знакаміты мастак быў дзіваком, які любіў прыроду і цураўся жанчын.
Пасля могілак прысутныя па традыцыі завіталі на бацькоўскую сядзібу да Мар’яна Місевіча ў вёску Перадолы, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Ліплян. Мар’ян Місевіч — былы настаўнік і турыст, ён таксама памятае Язэпа Драздовіча. На яго сядзібе ў любую пару года вісіць бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.
Мерапрыемства скончылася агульнай бяседай, падчас якой прысутныя падзяліліся асабістымі ўспамінамі пра вядомага земляка Язэпа Драздовіча.
Фота: Уладзіміра Скрабатуна