У полацкай раённай газеце просяць абіраць падчас перапісу беларускую мову
У раённай газеце «Полацкі веснік» сёння выйшаў артыкул пра тое, чаму падчас перапісу варта ўказваць беларускую мову.
Выданне піша: «Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе. Беларуская мова — гэта неад’емная частка нашай культуры і гарантыя нашай будучыні як унікальнага народу. Вынікамі перапісу мы здольныя засведчыць самі сабе і ўсяму свету, што мы паўнавартасная нацыя, вартая зацікаўлення і павагі з боку іншых нацыяў свету. Падтрымаем наш нацыянальны скарб — мову нашых продкаў, якая нас усіх аб’ядноўвае і робіць унікальнымі!»
Галоўная рэдактарка газеты Святлана Чаркоўская распавяла «Нашай Ніве», што падтрымка беларускай мовы — гэта свядомая пазіцыя рэдакцыі газеты «Полацкі веснік»:
«Мы не тое, што заклікаем, гэта асабісты выбар кожнага, якую мову выбіраць. Але мы хацелі гэты артыкулам як бы падштурхнуць да выбару мовы, далікатна прасунуць беларускую мову. Я пакуль яшчэ ў перапісе не паўдзельнічала, але пытанне, якую мову назаву роднай, вырашанае», — кажа Святлана Чаркоўская.