Мінскі метрапалітэн забараніў Форэста Гампа ў вышыванцы
Кiраўнiк праекту "Кiнаконг" Андрэй Кiм паведамiў на сваёй старонцы ў Facebook, што мiнскi метрапалiтэн адмовіў яму ў размяшчэннi рэкламнага макету, дзе Форэст Гамп апрануты ў кашулю з вышыванкай. Менавiта гэта стала прычынай па якой рэкламна-iнфармацыйны адзел метрапалiтэна не згаджаецца на размяшчэнне рэкламы.
marketing.by звязаўся з кiраўнiком адзелу, але з запытам на каментар нас адправілі да прэс-сакратара, якi зараз недаступны.
Кiраунiк праекту Андрэй Кiм распавеў пра сiтуацыю так:
- Як вы ведаеце, «Кінаконг» займаецца дубляжом і паказам фільмаў па-беларуску. Мы вырашылі парэкламаваць не канкрэтны фільм, а сам брэнд. Таму прыдумалі размяшчаць вядомыя цытаты са знакамітых фільмаў па-беларуску. Пачаць планавалі з «Форэста Гампа». На плакаце намаляваны знакаміты кадр, дзе Форэст сядзіць на лаўцы і цытата, якую ён паўтарае на працягу ўсяго фільма: «Жыццё як скрынка шакаладных цукерак». Адзінае адрозненне ад арыгінальнага кадра ў тым, што Форэст беларускамоўны, таму на ім вышыванка.
Знізу: «Глядзі кіно па-беларуску» ― і спасылка на нашу кампанію ў інтэрнэце. Рэклама максімальна нейтральная і бяззубая. Гэта мусіў быць білборд на эскалатары.
Дык вось. Метро ЗАБАРАНІЛА гэты білборд. Ім не спадабалася цытата з фільма, ім не спадабаўся слоган «Глядзі кіно па-беларуску» (патрабавалі замяніць), але галоўнае патрабаванне было «перафарбаваць кашулю» (то бок прыбраць вышыванку). ПРЫБРАЦЬ ВЫШЫВАНКУ, Карл.
Гэта для нас не першы раз. У мінулым годзе метрапалітэн забараніў нам размяшчаць знакамітыя цытаты Караткевіча, Коласа, Багушэвіча пра беларускую мову. Пасля доўгіх узгадненняў і пагрозы скандалу дазволілі толькі Коласа.
Пасля ўсяго гэтага ў мяне з’явілася цвёрдае разуменне, што ў метрапалітэне і аддзеле ідэалогіі сядзяць вельмі шкодныя людзі, якія ці шчыра ненавідзяць усё беларускае (беларускую мову, беларускае кіно, беларускіх класікаў і нават ВЫШЫВАНКУ), ці перастрахоўваюцца так, што робяцца абсалютна непрыдатнымі для гэтай працы.
P.S. Нават не ўяўляю, якая б была рэакцыя, калі б мы прапанавалі размясціць цытату з «Матрыцы»…
Гэта ўжо не першы выпадак, калі людзі скардзяцца на метрапалітэн — раней пра праблемы з размяшчэннем рэкламы расказваў кіраўнік крамы Symbal.by, але тады пасля ўвагі СМІ сітуацыя была вырашана на карысць бізнесу.