Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў раптоўна апынуліся адказчыкамі ў справе аб абароне дзелавой рэпутацыі
У Эканамічным судзе Брэсцкай вобласці разглядаецца пазоў прадпрыемства “АйПаўэр”, якое з’яўляецца заказчыкам будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста.
Будоўля гэтага аб’екта выклікала хвалю пратэстаў з боку мясцовых жыхароў, яны стварылі ініцыятыўную групу, бо лічаць, што новы завод нясе пагрозу навакольнаму асяроддзю і экалогіі. Актывісты ўпэўненыя, што рашэнне пра з’яўленне патэнцыйна небяспечнага прадпрыемства прымалася без належнага грамадскага абмеркавання, а само будаўніцтва ідзе са шматлікімі парушэннямі. У выніку настойлівасці неабыякавых людзей старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс сёлета ў чэрвені падпісаў распараджэнне пра спыненне будаўніцтва акумулятарнга завода, пакуль не будуць выпраўленыя знойдзеныя недахопы. Амаль у той жа час мясцовы камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкіды забруджаных рэчываў у атмасферу.
Пазней стала вядома, што Генеральная пракуратура пасля даручэння прэзідэнта ладзіць праверку датычна будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю акумулятарнага завода каля Брэста, а супраць некаторых кіраўнікоў кампаніі-заказчыка распачатыя крымінальныя справы па фактах хабарніцтва.
У сваю чаргу кіраўніцтва кампаніі “АйПаўэр” накіравала пазоў у Эканамічны суд Брэсцкай вобласці аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі ў справе будаўніцтва завода.
Першапачаткова адказчыкамі па справе былі ўказаныя сябры ініцыятыўнай групы Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк. У інтэрв’ю блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву яны распавялі пра забруджванне тэрыторыі ў выніку дзейнасці “АйПаўэр” і пра дакументы з дзяржаўных устаноў, якія сведчаць пра іншыя парушэнні з боку гэтай кампаніі.
Падчас разгляду справы суддзя Ніна Дзяркач прыняла рашэнне зрабіць Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна таксама адказчыкамі — на пачатку працэсу яны былі пазначаныя ў статусе “трэціх асоб”. Блогеры заявілі хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы, суддзя яго задаволіла. На гэты час судовы працэс прыпынены.
Варта нагадаць, што ў 2018 годзе прадпрыемства “АйПаўэр” ужо падавала пазоў аб абароне сваёй дзелавой рэпутацыі супраць Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Тады суддзя Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Канстанцін Нікіцін абавязаў блогераў выдаліць з YouTube-канала “Народны рэпарцёр” сюжэт пра будаўніцтва акумулятарнага завода, запісаць прабачэнні і выкласці іх на гэтым канале.