Замежным тэлеканалам забароняць паказваць рэкламу. Што гэта значыць?
Партал pravo.by інфармуе пра тое, што рыхтуюцца змены ў закон «Аб рэкламе».
Аднак з прапановаў, якую прасоўваюць Міністэрства інфармацыі і нацыянальныя тэлеканалы: забараніць замежным тэлеканалам паказваць рэкламу.
«Наша Ніва» разабралася, што гэта значыць.
Найперш трэба патлумачыць, што новаўвядзенне не закране ўмоўныя «НТВ-Беларусь» і «ТНТ International», бо яны лічацца беларускімі медыямі. Апроч таго, выключэнне зробяць для каналаў, заснавальнікамі якіх Беларусь выступае сумесна з замежнымі дзяржавамі — напрыклад, саюзны «БелРос».
Гаворка ідзе пра іншую сітуацыю: калі нейкая фірма заключае ўгоду з каналамі і рэтранслюе іх у пакеце, беручы грошы за падпіску — гэтак званае кабельнае тэлебачанне.
Вось тут і праяўляюцца рознага роду казусы, бо такіх каналаў у розных аператараў транслюецца больш як 250.
Іх адпаведнасць заканадаўству вызначаецца на камісіі Мінінфарма, дзе чыноўнікі вывучаюць адзін эфірны дзень і робяць выснову, ці дапускаецца канал да трансляцыі, ці ёсць там што забароненае.
І нярэдкія выпадкі, калі ў гэтым адным эфірным дні нічога забароненага няма, а праз месяц, напрыклад, з’яўляецца забароненая рэклама піва ў дзённы час.
Дзяржаўныя каналы раздражнёныя тым, што іх канкурэнты часам рэкламуюць тыя прадукты і паслугі, якія прадстаўлены ў Беларусі, але, выходзіць, па факце іх замоўцы нічога не плоцяць за доступ на рэкламны рынак Беларусі. Не зарабляюць на гэтым таксама і кабельныя аператары — гэта такая халяўная рэклама.
Таму, як патлумачылі «Нашай Ніве» абазнаныя крыніцы, пасля скаргаў дзяржаўных каналаў было прынята рашэнне прымусіць аператараў такіх каналаў выразаць рэкламу з трансляцый.
Па гэтай жа дарозе пайшлі і Казахстан з Расіяй: аператарам давядзецца або дамовіцца з замежнымі каналамі, каб яны пастаўлялі версію адразу без рэкламы, або закупіць абсталяванне, каб выразаць рэкламу самастойна і замяняць гэтыя блокі, напрыклад, на беларускую сацыяльную рэкламу.
Па ацэнках нашых суразмоўцаў, новаўвядзенне закране каля 30 каналаў. Астатнія кабельныя каналы не транслююць рэкламу.