Журналісты раздавалі ў Гродне спецвыпуск “Народнай Волі” да Дня народзінаў Нэльсана Мандэлы
Cябры Беларускай асацыяцыі журналістаў Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч у чацвер раздалі на прыпынках ды кірмашах Гродна амаль 500 асобнікаў спецвыпуска “Народнай Волі”.
Паводле Віктара Сазонава, жыхары Гродна з вялікай цікаўнасцю бралі газеты і цікавіліся праваабарончай тэматыкай спецвыпуска:
“Спецвыпуск “Народнай Волі” выйшаў у дзень нараджэння Нэльсана Мандэлы — праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Безумоўна спачатку трэба гучна рэкламаваць газету, і ёсць магічнае слова “бескаштоўна”, аднак ёсць людзі, якія спачатку бяруць газету, а потым падыходзяць і пытаюць колькі яна каштуе”.
Акцыя ў Гродне адбывалася цягам некалькі гадзін, журналісты плануюць працягваць раздачу незалежнага выдання ў бліжэйшыя выходныя і распаўсюдзіць яшчэ 500 асобнікаў.