Удаве Барадуліна адключылі святло. У яе запазычанасць 917 рублёў — ГРОШЫ САБРАЛІ
Жонка Рыгора Барадуліна — Валянціна, апынулася ў цяжкай сітуацыі. У яе запазычанасць за святло — 917 рублёў, з-за чаго святло ў кватэры адключылі. Cтановішча ўскладняе тое, што ў кватэры стаіць электрапліта і жанчына не можа нават прыгатаваць сабе ежу.
Зараз актывісты збіраюць грошы на дапамогу жанчыне і пагашэнне запазычанасці. Усё ж такі Валянціна Барадуліна толькі нядаўна справіла сваё 80-годдзе, і ўжо пяць гадоў, як сышоў яе муж.
Знаёмая Валянціны Барадулінай — Эла Гарэцкая — гэтыя дні носіць Валянціне Міхайлаўне гарачую ежу і ўсяляк дапамагае. Яна ж каардынуе сітуацыю з запазычанасцю і кантактуе з энергазбытам:
“Спадарыня Валянціна сябе дрэнна адчувае. Яна фактычна чатыры гады сядзіць дома, амаль нікуды не выходзіць. Прычыны ў першую чаргу медычныя і псіхалагічныя. Пасля смерці свайго мужа [ён памёр у сакавіку 2014-га] яна перажывае вялікі смутак”, — распавяла Еўрарадыё Эла Гарэцкая.
Запазычанасць у 917 рублёў збіралася не адзін год. Нават калі лічыць, што ў месяц яна павінна плаціць 20 рублёў за святло, то вынікае, што за яго не плацілі амаль чатыры гады. Па словах Элы Гарэцкай, усе платы па камунальных паслугах выконвала ўнучка Валянціны і Рыгора Барадуліных — Дамініка:
“Яна знаходзіцца ў дэкрэце, даглядае 2,5‑гадовае дзіця. Фактычна маладая мама, мае турботы па доглядзе дзіцяці. Маладая, нявопытная, глядзіць дзіця і мужа. Можа, нешта ўпусціла. Мы не павінны ўдавацца ў крытыку маладой жанчыны. Найперш трэба дапамагчы Валянціне Міхайлаўне”, — тлумачыць Эла Гарэцкая.
Журналіст Глеб Лабадзенка ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку прапанаваў заплаціць любому ахвочаму за святло не ўстаючы з канапы.
Напрыканцы для стала зразумела: дзякуючы неабыякавым людзям ГРОШЫ САБРАЛІ! Дзякуем кожнаму, хто далучыўся!