Алесь Залеўскі патлумачыў, чаму сыходзіць з «Белсата»
Твар «Белсата» Алесь Залеўскі сыходзіць з тэлеканала. Алесь працаваў на «Белсаце» ад моманту стварэння тэлеканала ў 2008 годзе. Спачатку ён працаваў у варшаўскім бюро, быў вядучым перадачы «Тыдзень у Аб’ектыве». Залеўскі нейкі час з’яўляўся тварам тэлеканала.
Потым журналіст вярнуўся з Польшчы ў Беларусь. З’яўляўся аўтарам цыклу «Рэпартаж Залеўскага», а потым перадачы «Людскія справы».
Сам Алесь Залеўскі тлумачыць, што сыходзіць з тэлеканала без канфлікту з кіраўніцтвам.
«Я аддаў «Белсату» траціну жыцця, ён стаў часткай мяне. Я трапіў на тэлеканал 21-гадовым хлопцам. У мяне была сустрэча з дырэкцыяй тэлеканала, дзе мы абмеркавалі маю ролю ў сённяшнім тэлеканале. На жаль, на сёння не знойдзена такіх формаў, якія маглі б нас задавальняць, каб яны маглі выстральнуць, як некалі «Людскія справы».
Не выключаю, што супрацоўніцтва ў нейкім фармаце будзе працягнута. Цяпер я знаходжуся ў Казахстане, дзе працую над дакументальным праектам. Яшчэ тры месяцы я буду з’яўляцца супрацоўнікам тэлеканала. За гэты час я планую знайсці сябе, зразумець, куды рухацца далей», — сказаў нам Алесь Залеўскі.
Алесю Залеўскаму 32 гады, ён родам з Абухава з‑пад Гродна. Жанаты, бацька дваіх дзяцей.
Абмеркаваць тэкст можна на старонцы ў FB
Падпісацца на наш Telegram-канал можна ТУТ