Гродна: Дзень свабоды прэсы расцягнулі на некалькі дзён
Гродзенскія незалежныя журналісты, сябры ГА “БАЖ” Сусветны дзень свабоды прэсы распачалі адзначаць 3 мая раздачай спецвыпуску газеты “Народная Воля”. У першы дзень газету раздавалі ў спальных раёнах горада, дзе журналісты раздалі больш за 300 асобнікаў.
4–5 мая газету раздавалі ў беларускіх крамах “Адметнасць”, “Цудоўня” і ў Цэнтры гарадскога жыцця, дзе разышлося яшчэ амаль 200 асобнікаў выдання.
Для кіраўніцы гродзенскай суполкі ГА “БАЖ” Вольгі Корсун Сусветны дзень свабоды прэсы — гэта ў першую чаргу нагода ўзгадаць пра тое, у якіх умовах сёння працуюць журналісты ў Беларусі і ў іншых краінах.
“Таксама гэта нагода падумаць пра тое, што мы ў нашым прафесійным асяродку можам зрабіць, каб адстойваць права на свабоду выказванняў і на распаўсюд інфармацыі, якім чынам можна прафесійна расці і развіваць свабодную журналістыку ў Беларусі”, — кажа Вольга Корсун.
Для рэдактаркі праектаў гродзенскага анлайн-выдання Hrodna.life Ірыны Новік Дзень свабоды прэсы — гэта ў першую чаргу прафесійнае свята.
“Гэта дзень, калі можна яшчэ раз падумаць пра тое, наколькі вольна пішуць у СМІ, і яшчэ раз задумацца пра тыя сродкі масавай інфармацыі. Сёння такая сітуацыя, што не заўсёды зразумела, ці людзям і дзяржаве патрэбная незалежная інфармацыя, ці, як у старым анекдоце, “шашачкі”. Сёння таксама ёсць добрая нагода задумацца пра тое, што можна пісаць і чытаць свабодна”, — канстатуе журналістка Ірына Новік.