У журналіста-фрылансера Андрэя Толчына арыштавалі рахунак у “Беларусбанку”
“Пра гэта мне паведамілі 30 красавіка ў аддзеле прымусовага выканання Савецкага раёна Гомеля”, — распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” гомельскі журналіст-фрылансер Андрэй Толчын.
Фрылансера выклікалі ў аддзел да загадчыцы сектара Крысціны Абухавай у звязку з чатырма нясплочанымі штрафамі. Перад гэтым судовыя выканаўцы наведваліся да сястры Толчына, у якой Андрэй жыве з жонкай.
Буйнымі сумамі штрафу Андрэй Толчын быў пакараны судамі на падставе міліцэйскіх пратаколаў нібыта за незаконную падрыхтоўку прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў МЗС для беларускамоўнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”, які транслюе перадачы з тэрыторыі Польшчы.
Агульная сума штрафаў з улікам пені склала 3 200 рублёў.
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА
“Мне адвялі дзесяць дзён, каб за гэты час я знайшоў грошы і разлічыўся па штрафах. Дзе ўзяць такую суму, нават не ўцямлю”, — дадае Андрэй Толчын.
Тройчы фрылансера штрафавалі раённыя суды Гомельскай вобласці. 15 лютага Толчына аштрафаваў яшчэ і Лунінецкі раённы суд Брэсцкай вобласці за мінулагодні рэпартаж пра жорсткае забойства 8‑месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы.
Да нядаўняга часу Андрэй Толчын здымаў відэасюжэты з Кастусём Жукоўскім. Яны размяшчалі відэаздымкі на сваіх адкрытых старонках у YouTube. Сюжэты выкарыстоўвалі розныя інфармацыйныя парталы, у тым ліку і “Белсат”. Міліцыя і суды кваліфікавалі гэта як незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
З прычыны пераследу фрылансер Жукоўскі ў студзені 2019 года эміграваў з сям’ёй з Беларусі. Разам з Толчыным Жукоўскіў меў сумнае лідарства па колькасці і памерах адміністрацыйных штрафаў за незаконны выраб прадукцыі СМІ.