• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гамяльчук Пётр Маркоўскі: “Міліцыя расстаўляе пасткі, каб у іх траплялі незадачлівыя наведнікі сацыяльных сетак”

    Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 24 красавіка другі раз вярнуў на дапрацоўку адміністрацыйную справу, распачатую міліцыяй супраць гамельчука Пятра Маркоўскага за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць (ч. 2 арт. 17.11 КаАП).

    52-гадовы жыхар Гомеля даведаўся, што залічаны ў “распаўсюднікі экстрэмізму” 26 лютага падчас выкліку ў Цэнтральны РАУС. Як вынікала з размовы з міліцыянтам, Маркоўскі нібыта 5 лістапада 2018 года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Face­book падзяліўся публікацыяй “Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў”.

    “З канца кастрычніка па 12 лістапада я быў у Германіі, а мой мабільны тэлефон заставаўся ў Гомелі. Я не мог ім карыстацца фізычна. Ніякіх экстрэмісцкіх сайтаў у вочы не бачыў, матэрыялаў іхніх не чытаў. Якім чынам перапост спасылкі пра публікацыю патрапіў на старонку майго акаўнта, сказаць не магу. Вінаватым сябе не лічу”, — заявіў у судзе Пётр Маркоўскі і перадаў суддзі ксеракопію старонкі пашпарта, дзе маюцца штампы памежных службаў наконт выезду і вяртання ў Беларусь.

    Адвакат Пётр Барысаў заўважыў, што міліцыяй не вызначаны тэрмін, месца і абставіны здзяйснення правапарушэння. Па сутнасці, грамадзяніна хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці не за распаўсюд публікацыі, а за рэпост паста.

    Шэраг неадпаведнасцяў заканадаўству выявіў і суддзя Сяргей Кармановіч, які ў чарговы раз адправіў адміністрацыйную справу на дапрацоўку ў Цэнтральны РАУС.

    — Ну які я экстрэміст, калі я ні разу не заходзіў на забароненыя сайты, не чытаў і не дзяліўся іхняй інфармацыяй. Я так лічу, калі сайт забараняецца, то мусіць быць у інтэрнэце і адпаведная пазнака пра гэта для беларускіх карыстальнікаў. У маім выпадку міліцыя магла б вызначыць IP-адрас, з якога зроблены перапост на маёй старонцы Face­book, — зазначыў Пётр Маркоўскі пасля пасяджэння суда ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”. — Склалася ўражанне, што міліцыя не столькі раскрывае злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, колькі расстаўляе пасткі, каб у іх траплялі незадачлівыя наведнікі сацыяльных сетак, якія цікавяцца актуальнай інфармацыяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці