У Глыбокім прайшоў трэнінг па прасоўванні ў сацыяльных сетках
13 красавіка Глыбокае наведаў крэатыўны дырэктар Радыё “Свабода” і эксперт у сацыяльных сетках Франак Вячорка. На яго трэнінг па SMM сабраліся журналісты, блогеры і грамадскія актывісты.
Асаблівая ўвага была накіраваная на распрацоўку практычнай стратэгіі працы з сацыяльнымі сеткамі і месанджарамі для кожнага ўдзельніка трэнінгу. Эксперт распавёў, чаму трэба быць у сетках, пра плюсы і мінусы прысутнасці ў іх. Таксама прааналізаваў платформы і іх магчымасці.
Удзельнікі трэнінгу даведаліся пра віды кантэнту, пра яго стварэнне і постынг. Трэнер прапанаваў для вывучэння асноўныя праграмы працы па стварэнні кантэнту ў сацыяльных сетках. Ён распавёў, як чытаць лічбы і замяраць поспехі і як працаваць з аўдыторыяй.
Як зазначыў Франак Вячорка, змены ў медыяпрасторы — непазбежныя, і праз некалькі гадоў традыцыйныя сайты памруць. Ён лічыць, што ўжо цяпер людзі давяраюць асобам, экспертам, лідарам думкі, на якіх яны падпісаныя ў сацыяльных сетках. І гэтыя лідары думкі не абавязкова журналісты — сярод іх ёсць блогеры, музыкі ды і простыя людзі, якія распавядаюць пра сваё жыццё.
Паводле Франака Вячоркі, карыстальнікі сацсетак ім настолькі давяраюць, што гатовыя прыпадабняцца, прытрымлівацца іх прыкладу і нават галасаваць за іх на выбарах. Як гэта, напрыклад, было ва Украіне.
Таму, лічыць эксперт, журналістам трэба станавіцца такімі лідарамі думкі. І акрамя стварэння журналісцкага кантэнту ўмацоўваць сваё імя: бо прыйдзе час, калі чытачы будуць верыць не брэндам, а давяраць толькі асобам. Каб журналістыка выжыла, трэба тым, хто за ёй стаіць, пераключацца жыць па-новаму, перавучвацца на новую рэльнасць і ні ў якім разе не адмаўляць змены, бо яны непазбежныя.
Паводле Франака Вячоркі, сацыяльныя сеткі даюць магчымасць людзям пражыць іншае жыццё. Але задача журналістаў і блогераў спалучаць віртуальнае, выдуманае і шчаслівае жыццё з жыццём рэальным, якое пануе ў Беларусі. Таму журналістам, медыяменеджарам трэба зрабіць так, каб суворая рэальнасць стала больш падобнай на рэальнасць інстаграмную.
Па словах глыбоцкіх журналістаў і грамадскіх актывістаў, на трэнінгу яны атрымалі шмат новых і карысных ведаў. Штосьці іх здзівіла, як напрыклад, прагнозы, што ў хуткім часе памруць традыцыйныя сайты. Але пераканаўчыя довады эксперта натхнілі іх асвойваць новыя праграмы для працы ў сацыяльных сетках і ствараць свой асабісты брэнд.
Як зазначылі журналісты, ды і сам Франак Вячорка, каб добра арыентавацца ў сацыяльных сетках і быць прасунутымі ў гэтай сферы, трэба праводзіць у рэгіёнах больш падобных трэнінгаў. Менавіта ў рэгіёнах, на думку спецыяліста, існуе недахоп разумення, як гэта ўсё функцыянуе, тут ёсць праблема прысутнасці расійскай прапаганды і расійскіх уплываў. Менавіта ў рэгіёнах людзі маюць патрэбу ў атрыманні аб’ектыўнай, нескажонай інфармацыі.
— Глыбокае — гэта выдатны прыклад: тут людзі дасведчаныя, заангажаваныя, яны хочуць мяняць свой горад і краіну, але ім не хапае інструментаў. Таму асноўнай задачай трэнінгу было натхніць людзей і даць ім інструменты, рэсурсы, спасылкі і паказаць сэрвісы, каб яны маглі ўжо сёння-заўтра пачаць эксперыментаваць, — кажа Франак Вячорка.