Алеся Дзянісава зноў вінавацяць у працы без акрэдытацыі. Пазіцыя БАЖ: неправамерна
Працягваецца адміністрацыйны пераслед гродзенскага журналіста-фрылансера Алеся Дзянісава. На яго складзены новы пратакол за нібыта незаконны выраб прадукцыі сродку масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ).
Алесь Дзянісаў атрымаў днямі па пошце адпаведнае паведамленне за подпісам намесніка начальніка Шчучынскага РАУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі, маёра Аляксандар Гележа.
Да ліста далучаны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, які склаў 3 красавіка 2019 г. участковы інспектар Шчучынскага РАУС Валерый Сарока. Алеся Дзянісава вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі і працы без акрэдытацыі падчас стварэння відэарэпартажу 16 лютага ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. У гэтай вёсцы нарадзіўся сусветна вядомы рок-музыка Чэслаў Неман, відэасюжэт пра яго паказаў 5 лютага спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”.
Справа накіраваная для разгляду ў суд Ленінскага раёна Гродна.
Перад гэтым, 26 сакавіка, Алесь Дзянісаў атрымаў позву, паводле якой старэйшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Шчучынскага РАУС Сяргей Матукевіч выклікаў яго для апытання.