• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прадстаўнік АБСЭ заступіўся за журналістаў, якім не дае акрэдытацыю МЗС Беларусі

    Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Арлем Дэзір, які 18-20 сакавіка наведвае Беларусь з афіцыйным візытам, на сустрэчы з чыноўнікамі сярод іншага ўзьняў пытаньне аб акрэдытацыі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, паведамляе БелаПАН.

    Акрэдытацыя не павінна быць дазволам на працу журналіста

    Арлем Дэзір падкрэсьліў, што праблемы з атрыманьнем акрэдытацыі «часам маюць даволі відавочныя наступствы ў выглядзе штрафаў і абмежаваньня дзейнасьці».

    «Мы казалі пра тое, што акрэдытацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасьці дазволу на працу журналіста. Журналісты павінны мець магчымасьць працаваць — гэта прынцыповае пытаньне, — сказаў ён у інтэрвію БелаПАН. — А акрэдытацыя павінна выкарыстоўвацца толькі для таго, каб даць журналістам большы доступ да інфармацыі, магчымасьць наведваць прэс-канфэрэнцыі, мець зносіны з прадстаўнікамі ўраду. Мы раім унесьці некаторыя змены ў заканадаўства».

     

    Ціск на незалежныя СМІ і «справа БелТА»

    Прадстаўнік АБСЭ адзначыў, што на сустрэчах з прадстаўнікамі СМІ, журналісцкіх арганізацый і ўладаў абмяркоўваў праблемы, зь якімі сутыкаюцца ў сваёй працы беларускія журналісты, у тым ліку «справу БелТА» і судовы прысуд галоўнаму рэдактару парталу Tut.by Марыне Золатавай.

    «Гэта справа выклікала ў нас вялікую заклапочанасьць. Мы лічым, што абвінавачаньні былі неадпаведныя і што падобных судовых працэсаў супраць мэдыя быць не павінна», — сказаў ён.

    Дэзір зьвярнуў увагу на праблему адсутнасьці ў Беларусі грамадзкіх СМІ і адзначыў, што недзяржаўныя СМІ працягваюць падвяргацца ціску і перасьледу.

    «Цяпер, калі мы бачым у Беларусі абмеркаваньне праблемы сувэрэнітэту і дэзінфармацыйнага ўмяшальніцтва, вельмі важна садзейнічаць разьвіцьцю беларускіх СМІ, у тым ліку і недзяржаўных», — адзначыў Дэзір.

    Абмяркоўваліся і папраўкі закон аб СМІ, што тычыцца рэгістрацыі мэдыя, магчымасьці блякаваньня сайтаў, акрэдытацыі журналістаў. Паводле Дэзіра, гэта тыя моманты, па якіх АБСЭ «рэкамэндуе ўнесьці больш яснасьці, у тым ліку па правапрымяняльнай практыцы».

     

    Важна, каб барацьба з экстрэмізмам не адбілася на свабодзе слова

    Абмяркоўвалася на сустрэчах і падрыхтоўка зьменаў у закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму і новую канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі.

    Гаворачы аб канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі, якую 18 сакавіка падпісаў Аляксандар Лукашэнка, Дэзір адзначыў, што пры вырашэньні праблемы барацьбы з дэзінфармацыяй, фэйкавымі навінамі і маніпуляцыямі звонку лічыць важным працаваць над паляпшэньнем якасьці працы СМІ і якасьці журналісцкіх матэрыялаў, «але ніяк ня рухацца ў тым напрамку, якое прывядзе да абмежаваньняў у дачыненьні да мэдыя і незалежных галасоў».

    У пытаньні процідзеяньня экстрэмізму, паводле Дэзіра, для Беларусі важна «выконваць міжнародныя стандарты, належныя прававыя працэдуры, каб барацьба з экстрэмізмам не рабіла нэгатыўнага ўплыву на свабоду выказваньня меркаваньняў і свабоду СМІ».

    Арлем Дэзір: У Беларусі ёсць смелыя журналісты, гатовыя змагацца за плюралізм меркаванняў, — сустрэча з БАЖ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці