«Хто не падпісаўся — мінус прэмія». У Чавусах абураюцца прымусовай падпіскай
Жыхары горада Чавусы ў сацыяльных сетках абураюцца “добраахвотна-прымусовай” падпіскай на дзяржаўныя выданні.
Жыхар Чавус размясціў у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ЧАУСЫ Online запіс, у якім выказаў свае абурэнне практыкай дабраахвотна-прымусовай падпіскі на пэўныя выданні ў Чавускім раёне.
“На днях патэлефанавалі з працы і сказалі падпісацца на раённую газету «Іскра». Але навошта плаціць за газету, якую не чытаю?! Хочам адзначыць што падпіска на 1 месяц каштуе 5,9 руб. — адпаведна 70,8 у год!
Па словах работнікаў арганізацый нашага горада ідзе прымусовы ціск:
“Не падпішацеся, са сваімі праблемамі і просьбамі можаце не звяртацца», «І не крыўдуйце, калі зарплата ў наступным месяцы будзе меншай». «Пра прэмію можаце забыць»
Адзіная хітрасць, якой спрабуюць скарыстацца людзі, гэта выпісаць газету на адзін месяц, а не адразу на тры месяцы ці паўгода. Даволі часта падпіска потым не працягваецца. Такі спосаб захоўвае хоць бы частку сямейнага бюджэту, і можна з упэўненасцю сцвярджаць, што падобную практыку выкарыстоўваюць усё больш жыхароў Чавускага раёна”, — сцвярджае жыхар горада.
Таксама аўтар допісу дае парады, як адмовіцца ад прымусовай падпіскі. Аднак удзельнікі абмеркавання ў сваіх каментарах выказваюць пэўны скепсіс наконт такой магчымасці менавіта ў Чавусах, дзе людзі вельмі баяцца страціць працу.
“А газеты лясгасаў і ратавальнікаў іх работнікі, думаеце, па ўласным жаданні выпісваюць ??? Не смяшыце …”
“Падпіска ажыццяўляецца строга добраахвотна і пад подпіс. Хто не падпісаўся — мінус прэмія. Адмовіцца немагчыма.
Гэтак жа як і добраахвотныя суботнікі, добраахвотная дабрачыннасць і добраахвотны фонд міру, добраахвотныя прафсаюзныя ўнёскі.
Усё строга пад подпіс і з дзікімі пагрозамі!
Мне таксама гэтая газета не патрэбна. Усё можна пачытаць у інтэрнэце, а азадак я падціраю туалетнай паперай, а не так, як раней.
Але людзі запалоханыя настолькі ў нас, што лепш аддаць свае крэўныя, чым даказваць штосьці.
Чавусы — вёска для народа!”, — пішуць жыхары Чавусаў у сваіх каментарах.
Карэспандэнт службы маніторынгу ГА “БАЖ” паспрабаваў удакладніць назвы арганізацый, у якіх практыкуецца “добраахвотна-прымусовая” падпіска на дзяржвыданні. Суразмоўцы назвалі шэраг канкрэтных прадпрыемстваў і арганізацый у Чавускім раёне, адзначылі, што такая практыка ў раёне распаўсюджана паўсюль, аднак пры гэтым не пагадзіліся назваць свае прозвішчы.