Дзянісаў і Кіркевіч могуць звярнуцца ў Камітэт правоў чалавека ААН
Сёння ў Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйных скаргаў журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча. Сенсацыі не адбылося — суддзя Валерый Раманоўскі пакінуў рашэнні першай інстанцыі ў сіле.
Абодва журналісты паводле рашэння Ленінскага раённага суда Гродна 1 лютага былі прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Суддзя Руслан Гурын аштрафаваў Дзянісава і Кіркевіча на 30 базавых велічыняў кожнага (765 рублёў).
Нагодай для адміністрацыйнага пераследу стаў відэарэпартаж, паказаны 7 снежня на тэлеканале «Белсат». У ім распавядалася пра намер гродзенскіх гісторыкаў і грамадскіх актывістаў раскрыць турыстычны патэнцыял гарадскіх сутарэнняў.
Абодва журналісты падчас разгляду іх касацыйных скаргаў адсутнічалі. Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі пасля 15-хвіліннага перапынку зачытаў судовае рашэнне: “Пастанову суда Ленінскага раёна г. Гродна ад 1 лютага 2019 года ў дачыненні да Кіркевіча А. Р. і Дзянісава А. М. пакінуць без зменаў, а іхнія скаргі без задавальнення”.
Юрыст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Андрэй Коця ў каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” зазначыў, што не бачыць перспектыў змянення сённяшняй судовай сістэмы Беларусі:
“Складаецца ўражанне, што ўсе рашэнні ўхваляюць паводле адной і той жа схемы: суддзі іх не прымаюць, але ўхваляюць паводле напісанага сцэнару. Неўзабаве яны могуць згубіць сваю кваліфікацыю. На жаль, у Беларусі анічога не змяняецца, суддзі прымалі і будуць прымаць падобныя рашэнні”.
Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч не выключаюць, што будуць абскарджваць рашэнне аблсуда ў вышэйшую судовую інстанцыю, а таксама ў Камітэт правоў чалавека ААН.
#праванаінфармацыю
#pravanainfo