• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Медыяпрастора” ў Гомелі: жыццё праз аб’ектыў

    Заняткі па тэме “Асновы аператарскага майстэрства” ў  межах адукацыйнага праекта на ток-пляцоўцы “Медыяпрасторы” ў Гомелі былі прысвечаныя аналізу хатніх заданняў яго ўдзельнікаў.

    Невялікія відэасюжэты, працягласцю дзве-тры хвіліны, разбіралі пакадрава: логіка апавядання, святло, панарамныя здымкі. Трэнер з прафесійным досведам працы на тэлебачанні, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова не толькі сама аналізавала відэастужкі, але і прыцягвала да абмеркавання прысутных, якіх набралася на ток-пляцоўцы больш за дзясятак. Гэта журналісты-фрылансеры, фотарэпарцёры, прэсавыя сакратары грамадскіх арганізацый, аматары-пачаткоўцы.

    Удзельнічаў у навучанні і кінадакументаліст Максім Сербуноў. Ягоныя ў суаўтарстве з Васілём Асіпцовым стужкі “Любімая мая радзіма” (пра забруджаную радыяцыяй Барталамееўку) і “Дабрыня выратуе свет” (пра жыццё глуханямых людзей) былі паказаныя на кінафестывалі ў славацкім горадзе Кошыцэ. Прычым патрапілі яны на экраны фестывалю пасля папярэдняга адборачнага прагляду дзясяткаў стужак з многіх краін.

    Сюжэты ўдзельнікаў ток-пляцоўкі вызначаліся разнастайнасцю — ад сходаў  грамадскай суполкі і падарожжа раварыста да меланхалічнага хатняга відэа. Парады і заўвагі трэнера аўдыторыя ўспрымала з разуменнем і цікавасцю.

    У будучам удзельнікі аператарскага трэнінгу маюць пазнаёміцца з напісаннем сцэнара для відэарэпартажу, засвоіць асаблівасці здымкаў вулічных апытанак, прыдатных для тэлебачання.

    Фота Аляксандра Друзіка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці