• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Freedom House: Беларусь па-ранейшаму несвабодная краіна

    Пра гэта гаворыцца ў сёлетняй справаздачы Freedom in the World 2019 амэрыканскага дасьледчага цэнтру, прысьвечанай стану грамадзянскай і палітычнай свабоды ў сьвеце.

    Галоўныя высновы

    • Становішча з правамі чалавека пагаршаецца ў сьвеце ўжо 13‑ы год

    • Беларусь — несвабодная краіна, але з 2015 году — ня ў сьпісе найгоршых

    • Летась Вугоршчына ўпершыню перайшла з катэгорыі свабодных краінаў у катэгорыю несвабодных

    • Сярод суседзяў Беларусі Літва, Латвія і Польшча — свабодныя краіны, Украіна — часткова свабодная, Расея — несвабодная.

    Справаздача ўтрымлівае параўнальны аналіз становішча ў 195 краінах сьвету. Зь іх 86 краінаў (44%) былі прызнаныя свабоднымі, 59 (30%) — часткова свабоднымі, і 50 (26%) — несвабоднымі.

    Free­dom House у сёлетняй справаздачы дае змрочную ацэнку глябальнай свабоды ў сьвеце. Паводле цэнтру, за мінулы год становішча з дэмакратыяй і свабодай пагоршылася ў 68 краінах сьвету, тым часам як палепшылася толькі ў 50-ці.

    Free­dom House адзначае, што глябальнае пагаршэньне становішча працягваецца ўжо 13‑ы год. За мінулы год цэнтар адзначае асабліва істотнае пагаршэньне сытуацыі са свабоднымі выбарамі і правамі мігрантаў.

    Сёлета Беларусь не фігуруе ў сьпісе найгоршых з найгоршых, паводле Free­dom House, з 50 несвабодных краінаў самыя горшыя — наступныя 13, пачынаючы з найгоршай: Сырыя, Паўднёвы Судан, Эрытрэя, Туркмэністан, Паўночная Карэя, Экватарыяльная Гвінэя, Савудаўская Арабія, Самалі, Судан, Таджыкістан, Узбэкістан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка і Лібія.

    Апошні раз Беларусь у сьпісе найгоршых з найгоршых паводле Free­dom House была ў 2015 годзе.

    У справаздачы адзначаецца істотнае пагаршэньне становішча з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Злучаных Штатах. Асаблівую крытыку дасьледчыкаў выклікае стаўленьне прэзыдэнта Дональда Трампа да свабоды друку і прынцыпу вяршэнства закону.

    Паводле Free­dom House, ЗША застаюцца ў ліку свабодных краінаў, але паводле ўзроўню дэмакратыі гэтая краіна знаходзіцца на ўзроўні Грэцыі, Харватыі і Манголіі, істотна саступаючы такім краінам, як Вялікабрытанія і Нямеччына.

    Сярод іншых знакавых зьменаў Free­dom House адзначае зьмену статусу Вугоршчыны са свабоднай краіны ў часткова свабодную. У справаздачы адзначаецца, што гэта — самы істотны адмоўны зрух у межах Эўразьвязу за ўсю гісторыю назіраньняў. Прычына — атакі на дэмакратыю і прынцып вяршэнства закону з боку ўраду Віктара Орбана і яго кіроўнай партыі ФІДЭС.

    Нікарагуа ў параўнаньні зь леташняй справаздачай перайшла з катэгорыі часткова свабодных краінаў у катэгорыю несвабодных. Прычынай стала жорсткае падаўленьне ўладамі агульнанацыянальнага руху пратэсту, гэтыя рэпрэсіі паглыбілі і без таго востры міграцыйны крызіс у рэгіёне.

    У справаздачы зьвяртаецца ўвага на перасьлед сваіх палітычных апанэнтаў за мяжой, які практыкуюць, у прыватнасьці, такія краіны, як Расея, Кітай, Турэччына, Іран і Сырыя. Размова ідзе пра просьбы аб выдачы, выкраданьні і нават забойствы. Адной з найбольш выразных праяваў гэтай тэндэнцыі Free­dom House лічыць забойства ўладамі Савудаўскай Арабіі журналіста Джамаля Хашокджы ў Турэччыне.

    Разам з тым фіксуюцца і станоўчыя зьмены ў шэрагу краінаў, дзе ўлады былі вымушаныя ісьці насустрач народным памкненьням да свабоды і годнасьці. Адпаведныя працэсы адбываліся летась у Анголе, Армэніі, Этыёпіі і Малайзіі.

    З постсавецкіх краінаў у сьпіс часткова свабодных трапілі Армэнія, Грузія, Кіргізстан, Малдова і Ўкраіна, несвабоднымі былі прызнаныя Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

    Сярод заўважных зьменаў у рэгіёне Эўразіі Free­dom House адзначае паляпшэньне сытуацыі ва Ўзбэкістане. Гэтая краіна застаецца несвабоднай і нават не пакідае сьпіс найгоршых з найгоршых, аднак другі год запар сытуацыя там паляпшаецца, улады працягваюць вызваляць палітычных зьняволеных і аслабляць абмежаваньні на дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў.

    Таксама паказальнымі падзеямі ў рэгіёне Free­dom House называе прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане і Расеі, у выніку якіх Ільхам Аліеў і Ўладзімір Пуцін засталіся ва ўладзе, працягваючы сваю палітыку падаўленьня незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці, злоўжываньня ўладай і перасьледу палітычных апанэнтаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці