• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Ваганаў прэзентаваў паэтычны зборнік “Я веру ў цуд” ФОТАРЭПАРТАЖ

    Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Сяргей Ваганаў, журналіст і паэт, прэзентаваў зборнік сваіх вершаў “Я веру ў цуд”. Імпрэза прайшла з аншлагам — паслухаць паэта прыйшло шмат людзей.

    Зборнік бярэ сваю назву ад наступнага твора:

    Я веру ў Цуд, але не веру ў Бога.
    Ніяк Яго з сабой не спалучу.
    Што, каб не Ён, дык не было б нічога?
    Што, каб не Ён, ніхто б нас не пачуў?
    Ад небыцця у небыццё дарога –
    І гэта ўсё, што створана Адтуль?
    Яго няма нябеснага й зямнога!
    Бо дзе Ён? Дзе?
    Нідзе.
    Бо Ён паўсюль…
    ––––––––––––
    Я веру ў Цуд, але не ў цуды.
    У Цуд бясконцага Жыцця.
    У Бога, што жыве паўсюды,
    Ратуючы ад небыцця…
    Сам па сабе жыве.
    Без Юды…

    50446396_10205935015171185_6196992283133345792_n.jpg

    Сяргей Давыдавіч распавёў, што кніга склалася з любові да жанчыны, сяброў, Радзімы, і з памяці. Галоўным раздзелам зборніка ён лічыць частку “ХХ стагоддзе. Сямейны альбом”, заснаваны на фактах жыцця яго родных. Да кожнага верша прыкладзены фотаздымак ці ліст. Лёс сям’і Сяргея Ваганава, як любой сям’і ў пакутным мінулым веку, няпросты: маці, што нарадзіла ў вайну, рэпрэсаваны дзядзька, закатаваная сястра-сувязная…

    51086956_10205935015731199_5428819476525088768_n.jpg

    На пачатку імпрэзы спадар Сяргей супакоіў прысутных: “Не буду чытаць усю кніжку, не хвалюйцеся”. Хацеў прапусціць любоўную лірыку. Але прагучаў голас з залы: “Дык гэта ж самае цікавае! Вяршыня творчасці любога паэта —  вершы пра каханне!” “Добра, пойдзем на вяршыню!” — пагадзіўся аўтар. — “Мне так падабаюцца мае вершы, што гатовы іх чытаць і чытаць!”

    50683982_10205935013731149_5144854428100067328_n.jpg

    Што цікава, сам Сяргей Ваганаў ніколі сябе паэтам не лічыў. На яго думку, паэт — гэта званне, якое не проста так даецца, мала напісаць верш. Заўсёды прадстаўляўся журналістам.

    Па словах былой старшыні БАЖ Жаны Літвіной, кожная кніга, якую выдае журналіст — гэта вялікая падзея. За бягучымі справамі, якімі звычайна абцяжараны супрацоўнікі СМІ, зрабіць уласную кніжку вельмі і вельмі няпроста.

    50813578_10205935015411191_1171820430156103680_n.jpg

    Некаторыя вершы ў зборніку “Я веру ў цуд” змешчаны на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Да некаторых твораў Сяргей Ваганаў вяртаўся праз дзесяцігоддзі, працягваў.

    Прадмову да зборніка напісаў Уладзімір Някляеў, з якім аўтар знаёмы ўжо гадоў пяцьдзясят. На імпрэзе спадар Уладзімір сціпла павіншаваў аўтара, адмовіўшыся доўга прамаўляць, “бо герой вечара павінны быць адзін”. Павіншаваць Сяргея Ваганава з выхадам кнігі прыйшлі таксама жонка, археолаг Ала Ваганава, пісьменнік Зміцер Бартосік, фатограф Юры Іваноў, сябры і калегі, кіраўніцтва ГА “БАЖ”.

    Прэзентацыя прайшла з поўным аншлагам і ў вельмі цёплай атмасферы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці