Журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука чакаюць чарговыя суды ў Брэсце
Супрацоўнік Ленінскага РАУС Брэста Артур Жыдкоў склаў на журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА “БАЖ” адразу чатыры пратаколы на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Паводле словаў Алеся Ляўчука, адміністрацыйныя пратаколы – за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі – былі складзеныя без удзелу саміх журналістаў.
Ляўчука і Харытонаву абвінавачваюць у тым, што 2 і 30 снежня 2018 года яны знаходзіліся на плошчы Леніна ў Брэсце, дзе па нядзелях збіраюцца людзі, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Як вынікае са зместу пратаколаў, брэсцкія фрылансеры бралі інтэрв’ю ў грамадзян, а пасля размясцілі матэрыял на сайце тэлеканала “Белсат”.
Судовае пасяджэнне па гэтых справах прызначанае на 25 студзеня.
Летась справы па артыкуле 22.9 КаАП РБ ў дачыненні да Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай шэсць разоў разглядаліся ў судзе (агульны штраф склаў больш за 10 тысяч рублёў). Яшчэ адзін суд адбыўся ў студзені 2019 года: кожны з журналістаў быў пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1275 рублёў).