Чыноўнікі адмовілі ў прадастаўленні інфармацыі газеце Intex-press
Аддзел гандлю і паслуг Баранавіцкага гарвыканкама адмовіўся адказваць на пісьмовыя пытанні незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-press. Чыноўнікі парэкамендавалі журналістам прыходзіць за адказамі ў сакавіку.
На пачатку студзеня рэдакцыя Intex-press адправіла пісьмовы запыт у аддзел гандлю і паслуг Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта пра вынікі працы за 2018 год і планы на 2019 год. Пытанні тычыліся дынамікі таваразвароту, развіцця гандлёвай сеткі і грамадскага харчавання.
Кіраўніца аддзела Таццяна Асос у сваім адказе ад 14 студзеня прывяла вялікую вытрымку з Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» з падставамі для адмовы ў інфармацыі. Якая з гэтых спасылак на заканадаўства стала, на думку чыноўніцы, прычынай для адмовы ў інфармацыі ў канкрэтным выпадку, не паведамляецца.
У той жа час рэдакцыю праінфармавалі, што паводле плану працы Баранавіцкага гарвыканкама на 2019 год, на першае пасяджэнне сакавіка выносіцца пытанне «Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця гандлю, грамадскага харчавання за 2018 год і задачы на 2019 год».
Іншымі словамі, журналістам параілі прыходзіць за патрэбнай інфармацыяй у сакавіку.
Рэдакцыя недзяржаўнага штотыднёвіка Intex-press намераная абскарджваць такі адказ.