Гродна: кніга “Клініка кітайскага дантыста” ад Змітра Бартосіка
Журналіст, сябра ГА “БАЖ” Зміцер Бартосік 17 студзеня 2019 года прадставіў жыхарам Гродна сваю новую кнігу “Клініка кітайскага дантыста”, якая выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды”.
Паводле слоў аўтара, кніга складалася цягам больш за дваццаць гадоў:
“Была на Радыё “Свабода” перадача “Вострая Брама”, дзе я прыдумаў рубрыку “Забытыя адрасы”. І вось па гэтых забытых адрасах беларускай культуры: па былых дамах творчасці Саюза пісьменнікаў, па кватэрах, дзе жыў Караткевіч, па нейкіх адрасах пачатку ХХ – канца ХІХ стагоддзя, звязаных з Аляксандрам Уласавым, з Ядвігіным Ш., я і бадзяўся, спрабуючы разгаварыць народ. Можа нехта нешта памятае – і памяталася народу вельмі многае. Самы цікавы раздзел гэтай кнігі прысвечаны Караткевічу, шмат вясёлых гісторый пра яго мне распавялі ў свой час”.
Кніга Змітра Бартосіка разлічаная на шырокага чытача:
“Сталы чытач знойдзе невядомыя старонкі жыцця добра вядомых яму людзей: Барадуліна, Караткевіча, Тараса ды іншых Малады чытач знойдзе, відаць, тое, што ў той час, які сёння называюць “застойным”, жылі настолькі “незастойныя”, настолькі “прасунутыя” і крэатыўныя людзі, што сённяшняму маладому пакаленню таксама ёсць чаму ў тых людзей павучыцца”.
Імпрэза ладзілася ў “Цэнтры гарадскога жыцця”. Наведнікі, якія прыйшлі на прэзентацыю, атрымалі амаль трохсотстаронкавую “Клініку кітайскага дантыста” ў падарунак, а сам аўтар выканаў для іх некалькі сваіх старых і новых песень.