Сацыяльныя сеткі і СМІ ў дапамогу: валанцёры з дапамогай журналістаў шукаюць зніклую жыхарку Віцебска
Ужо дзесяць дзён у Віцебску шукаюць зніклую Вольгу Лазарэнка, 63-гадовую жанчыну, якая пакутуе на хваробу Альцгеймера. Дапамагаюць шукаць і віцебскія журналісты: выконваючы прафесійныя абавязкі па распаўсюдзе інфармацыі і выходзячы на пошукі непасрэдна разам з валанцёрамі.
Вольга Іванаўна Лазарэнка, якая мае праблемы з памяццю, ранкам 4‑га студзеня сышла са сваёй кватэры ў невядомым накірунку. Яе дачка, якая апякуцца хворай разам з іншымі сваякамі, размясціла “Вконтакте” аб’яву: “Знікла мама”. Усе калядныя выходныя зніклую шукалі добраахвотнікі-валанцёры. У міліцэйскую зводку абвестка пра пошукі трапіла толькі 8 студзеня, пашуковыя працы не спыняюцца да сёння.
Першымі адгукнуліся незалежныя віцебскія СМІ
На адчайны допіс Ганны Лазарэнка жыхары Віцебска адрэагавалі прапановамі дапамогі ў пошуку. Было вырашана як мага шырэй распаўсюдзіць абвестку з фотаздымкам зніклай і яе прыкметамі – каб кожны, хто яе выпадкова сустрэне, змог пазнаць і скантактавацца з роднымі.
“Народныя навіны Віцебска” і “Витебский курьер” першымі размясцілі матэрыялы пра зніклую жанчыну на сваіх інтэрнэт-старонках, заклікаўшы ўсіх быць уважлівымі на вуліцах горада. Таксама журналісты распаўсюдзілі інфармацыю пра пошукі Вольгі Лазарэнка ў сацыяльных сетках: Facebook і “Одноклассники”.
Віцябляне адразу праявілі высокую ступень здольнасці да самаарганізацыі: “Вконтакте” была створаная адмысловая суполка “Поиск Лазаренко Ольги Ивановны”, дзе людзі пачалі абменьвацца планамі пошуку, дамаўляцца пра раздрукоўку і распаўсюд абвестак, прыватным чынам вырашылі пытанне пра прагляд запісаў з камер відэаназірання і інфармаванне кіроўцаў таксі і грамадскага транспарту.
Журналісты “Витебского курьера” таксама сталі пашукавікамі
Амаль адразу вызначыліся каардынатары, якія пачалі фармаваць пашуковыя групы, а таксама адказныя за праверку звестак на розных інтэрнэт-рэсурсах, ім было даручана адсочваць інфармацыю, карысную для пашукавікоў.
Віцебскія журналісты таксама займаліся сарціроўкай звестак з інтэрнэту. А некаторыя выправіліся на пошукі ў складзе валанцёрскай групы. Сваімі ўражаннямі падзялілася прадстаўніца рэдакцыі “Витебского курьера” Міла Стасева:
“8 раніцы, цёмна, мароз — 12 градусов, а неабыякавыя ўжо сабраліся каля філармоніі на вуліцы Леніна. Вечерамі і начамі яны рыхтуюць улёткі, дзеляць раёны горада на квадраты і размяркоўваюць, якія групы будуць па іх курсаваць… Улёткі па ўсім горадзе ўжо расклееныя. Зараз валанцёры ўглядаюцца ў твары мінакоў, аглядаюць прыпынкі і правяраюць закінутыя месцы”.
“Витебский курьер” размясціў на сваіх старонках чатыры артыкулы, прысвечаныя валанцёрскаму пошуку — ад самага пачатку да апошніх выхадаў добраахвотнікаў. Пра пошукі, якія з уласнай ініцыятывы арганізавалі неабыякавыя віцябляне, паказалі некалькі сюжэтаў па мясцовым тэлебачанні, артыкулы з фотаздымкам зніклай жанчыны надрукавалі tut.by, “Комсомольская правда в Беларуси”, мясцовыя “Витебские вести” і “Витьбичи”. Маштабам дзейнасці добраахвотнікаў была ўражаная нават віцебская міліцыя: абвестка з падзякай жыхарам горада з’явілася на мясцовым сайце МУС, але толькі 8 студзеня, калі валанцёры працавалі ўжо некалькі дзён.
На жаль, пакуль што пошукі не далі плёну. Але ўдзельннікі дагэтуль спадзяюцца на лепшае, хоць з часу знікнення Вольгі Лазарэнка мінула ўжо дзесяць дзён. Дапамога СМІ па-ранейшаму запатрабаваная: валанцёры і сваякі зніклай разлічваюць, што распаўсюд звестак пра пошукі прыцягне ўвагу максімальнай колькасці людзей, і жанчыну знойдуць нават калі яна з’ехала з Віцебска.