Марына Золатава падала скаргу генпракурору
Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава і яе адвакат падалі скаргі ў Генеральную пракуратуру на паўторную адмову Следчага камітэта ў спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 КК.
Cкаргі пададзеныя на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.
«У скаргах мы просім пракурора адмяніць рашэнне следчага, — сказала Золатава. — Я прашу адмяніць пастанову аб адмове задаволіць заяўленае мной хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу і спыніць вытворчасць па крымінальнай справе, ужыўшы меры адміністрацыйнага спагнання».
Як раней паведамляў БелаПАН, 2 студзеня крымінальная справа аб бяздзейнасці службовай асобы ў дачыненні да Золатавай, так званай «справе БелТА», была перададзена ў Генеральную пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.