Першы віцебскі кейккросінг: пірагі ад журналістаў і новыя перпектывы супрацоўніцтва
Бадай што ўсім вядомыя буккросінг — абмен кнігамі, або посткросінг — абмен паштоўкамі. А ў Віцебску 3 студзеня наладзілі кейккросінг — абмен пірагамі ўласнай вытворчасці.
Аўтары “смачнай” ініцыятывы, кампанія Vitebsk4me, запрасілі на вечарыну ўсіх, хто неабыякавы да праблем гарадскога жыцця. Вядома, сярод іх былі і віцебскія БАЖаўцы.
Пірагоў і іхных вырабнікоў сабралася нямала, і фармат імпрэзы дазволіў усім пачаставацца ўпадабанымі ласункамі з суседніх столікаў. З пірагамі прыйшлі на сустрэчу і віцебскія БАЖаўцы.
Але не гэта было галоўнай мэтай імпрэзы: у фармаце кейккросінгу прайшло першае сёлетняе пасяджэнне ініцыятывы “Добрая нагода”, распачатай кампаніяй Vitebsk4me дзеля абмену прапановамі і супрацоўніцтва актыўных людзей, якія хочуць зрабіць жыццё горада больш цікавым і насычаным.
Віцебскія журналісты і раней часта заходзілі на “Добрую нагоду”, бо тут можна даведацца пра гарадскія праблемы ці дасягненні гараджан, пазнаёміцца з патэнцыйнымі героямі будучых матэрыялаў, абмеркаваць неабходнасць інфармацыйнай падтрымкі тых ці іншых ініцыятыў. Гэтым разам да прадстаўнікоў СМІ звярнуўся з прапановай прадстаўнік кампаніі Vitebsk4me Уладзімір Булаўскі.
Ён паведаміў, што падчас сустрэч каардынацыйнай рады па праекце «Віцебск — навучальны горад” ад супрацоўнікаў Віцебскага гарвыкнкама паступіла просьба зладзіць майстар-клас па карыстанні сацыяльнымі сеткамі — ад стварэння ўласных акаўнтаў асобных структур да перспектывы стасавацца з віцяблянамі ў гарадскіх пабліках па праблемных пытаннях. На думку спадара Булаўскага, журналісты маглі б стаць удзельнікамі такіх навучальных сустрэч і падзяліцца ўласным досведам.
Апрача гэтага, з’явілася ідэя зладзіць цэлы цыкл мерапрыемстваў па сучасных практыках камунікацыі паміж прадстаўнікамі мясцовай улады і грамадскасцю, у тым ліку — са СМІ. Менавіта журналісты маглі б патлумачыць, якім мусіць быць “ідэальны” прэс-рэліз, каб ім было зручна крыстацца, і распавесці пра выпадкі, калі праблемныя сітуацыі можна вырашаць па “першых сігналах” у сацыяльных сетках, не даводзячы іх да разбіральніцтва ў крытычных артыкулах.
Спадзеючыся, што прадстаўнікі ўладаў будуць зацікаўленыя ва ўдасканаленні сваёй дзейнасці, віцебскія журналісты пачалі збіраць аргументы і прапановы, як аптымізаваць камунікацыю паміж кіруючымі гарадскімі структурамі і грамадскасцю Віцебска.