• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мікалая Дзядка аштрафавалі за допіс з асуджэннем нацызму

    Актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка абвінавачвалі у распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі:  размяшчэнні на сваёй старонцы ў Facebook ілюстрацыі з выявай сімволікі Misantropic Division (міжнародная асацыяцыя неанацысцкіх суполак), якая 10 лістапада 2016 года (праз чатыры месяцы) судом Цэнтральнага раёна Мінска была ўнесена ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 

    Але допіс Міколы Дзядка быў накіраваны як раз супраць нацызма.

    Справу разглядала суддзя Марыя Ярохіна. 

    «Карцінка за ліпень 2016 — ілюстрацыя да паста, у якім я крытыкую людзей за тое, што яны стаяць побач з нацыстамі(!!!). Фоткі прыводжу ў абгрунтаванне сваіх словаў. Разумееце шарм сітуацыі?», — тлумачыў раней Мікола сваю пазіцыю.

    Напачатку паседжання высветлілася, што хоць у пратаколе гаворка ідзе пра адну публікацыю, у даведцы, складзенай супрацоўнікам ГУБОПіК Мікалаем Бедункевічам, вядзецца пра дзве – у лютым і ліпені 2016 года.   Падчас пасяджэння Мікола Дзядок пацвердзіў, што сапраўды ў лютым і ліпені на сваёй старонцы ў фейсбуку размясціў карцінкі, пазней прызнаныя экстрэмісцкімі. Але ў даведцы ГУБАЗіК абсалютна не ўлічаны кантэкст гэтых пастоў, і каментары, якімі яны суправаджаліся.

    Мэтай публікацый, тлумачыў актывіст, было асудзіць публічных асобаў, якія фатаграфуюцца разам з нацысцкай сімволікай, і выступіць супраць размяшчэння бел-чырвона-белага сцяга побач з ёй. 

    «Калі я хачу асудзіць нацызм, якім чынам я магу гэта зрабіць?

    Сапраўды, якім чынам можна асудзіць нацызм, калі любы ілюстрацыйны матэрыял можа быць заднім лікам прызнаны па-за законам? Калі сыходзіць з даведкі ГУБАЗіК, то трэба судзіць, напрыклад, тых, хто пускае ваенную кінахроніку по тэлебачанні, супрацоўнікаў БТ, якія дэманструюць нацыстаў і не рэтушыруюць іх», — заявіў ён у судовым паседжанні.

    Пры гэтым Мікалай Дзядок прынцыпова адмовіўся выдаляць свае пасты ўжо пасля таго, як стала вядома пра распачатую справу:

    «Гэта мая прынцыповая пазіцыя ў абарону свабоды слова. Я не лічу, што ГУБАЗіК мае права рэгуляваць, што я павінен публікаваць на сваёй старонцы, і не прызнаю гэтага права за дзяржавай. Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — гэта чарговы наступ на свабоду слова.

    Дый з практычных меркаванняў: я ведаю выпадкі, калі людзей асуджалі і пасля таго, як яны выдалялі свае пасты. Таму няма сэнсу прагінацца пад карныя структуры».

    Аўтар пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні ўчастковы міліцыянт А. Куранкоў пацвердзіў, што ён кіраваўся выключна рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і матэрыяламі, дасланымі ГУБАЗіК — то бок у змест паста не ўнікаў. Пытанне наконт таго, якую ж менавіта ілюстрацыю ён меў на ўвазе, засталося адкрытым.   Адвакатка звярнула ўвагу на безліч фармальных парушэнняў у матэрыялах справы: яны аформлены вельмі неякасна, з шэрагам супярэчнасцяў і недакладнасцяў. А таксама на тое, што ў дзеяннях Дзядка адсутнічае грамадская небяспека, і ён мае права ў адпаведнасці з заканадаўствам на выказванне сваіх меркаванняў. 

    Мікола Дзядок і яго адвакатка папрасілі аб спыненні адміністрацыйнай справы.

    Аднак, суддзя не прыслухалася да довадаў абвінавачанага і аштрафавала актывіста на 40 базавых велічынь. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці