• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Медыяпрастора” ў Гомелі: блогер вірусамі “заражаў” відэа

    На гомельскай пляцоўцы для падрыхтоўкі фрылансераў, якая атрымала назву “Медыяпрастора”, адбыўся трэнінг па стварэнні і прасоўванні так званага “віруснага відэа".

    Каардынатар “Медыяпрасторы”, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова,  прадстаўляючы трэнера Юрыя Сігая, паведаміла, што  ён  спрычыніўся таксама і да стварэння сайта аднаго з беларускіх банкаў.  

    Трэнінг доўжыўся цягам трох гадзін: даваліся кансультацыі пра выбар тэмы, яе практычнае вырашэнне, спосабы падачы гледачам, тэхнічныя знаходкі.

    Відэаблогер прывёў нават немудрагелісты прыклад з уласнай практыкі, лішні раз пацвярджаючы крылаты выраз, што ўсё геніяльнае проста. Неяк прымацаваў ён да ровара на ўзроўні колаў відэакамеру і паказаў горад з іншага, нябачанага раней ракурсу. Ролік выклікаў неверагодную цікавасць – даў  ажно 180 тысяч праглядаў.

    “А спатрэбіліся ўсяго тры гадзіны часу і маток скотчу”, — падсумаваў Сігай.

    Найбольшую папулярнасць “вірусны ролік” набірае, калі ён распаўсюджваецца карыстальнікамі інтэрнэту не толькі праз функцыю “падзяліцца з сябрам”, а становіцца яшчэ падставай для пародый і рэміксаў. Таму патрэбныя крэатыўнасць, уменне убачыць, адчуць тое, што можа выклікаць інтарэс шматлікай аўдыторыі, падвысіць колькасць праглядаў і лайкаў.

    Цікава, што пачуць карысную інфармацыю ад паспяховага відэаблогера прыйшлі не толькі незалежныя журналісты, але і прадстаўнік дзяржаўнага тэлеканала. Былі і пачаткоўцы з гарачым жаданнем рабіць хто кулінарны блог, а хто папулярызаваць праз сеціва ўласную сувенірную прадукцыю.

    Стваральнік і кіраўнік сайта “Деловой Гомель”, сябра ГА “БАЖ” Аляксей Харкевіч сказаў, што яму асабіста цікава было даведацца, як рабіць якаснае відэа, каб яно было запатрабаваным на YouTube. Ну і, канешне, манетызацыя відэаролікаў праз сеціва.

    Рэгіянальны карэспандэнт СТВ Аляксандр Дабрыян заўважыў, што бачыць на пляцоўцы “Медыяпрасторы” тых, на чыіх рэсурсах фармуецца карціна дня, адкуль ідзе пошук і распаўсюд інфармацыі, хто становіцца лідарам думак.

    “Я запрашаю на нашу пляцоўку людзей, якія ствараюць значны грамадскі кантэнт, бо хочацца, каб узровень гэтага кантэнту падвышаўся”, – падзялілася сваімі задумкамі са службай маніторынгу  ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова.

    Фота Васіля Грыгарэнкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці