У Брэсце супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі журналістам працаваць у судзе
Інцыдэнт здарыўся 10 снежня ў судзе Ленінскага раёна Брэста падчас вынясення прысуду мясцовым жыхарам Сяргею Ярасю і Аляксандру Гуцько. У якасці пацярпелых па гэтай справе фігуруюць тры супрацоўнікі міліцыі.
Як паведаміў сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Ляўчук, калі журналісты, што асвятлялі гэты працэс, спрабавалі зрабіць фотаздымкі з судовай залы, то адчулі адпор з боку міліцыянтаў.
— Яны проста не давалі працаваць: спрабавалі выбіць тэлефоны і перашкаджалі здымаць, хаця перад пачаткам судовага пасяджэння і пасля яго заканчэння рабіць гэта можна, — распавёў Алесь Ляўчук.
Ён таксама дадаў, што свае паводзіны супрацоўнікі міліцыі нічым не тлумачылі, але паводзілі сябе вельмі нахабна і агрэсіўна, каб заблакаваць працу журналістаў.