• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Перспектыва пайсці ў ІТ чакае многіх гуманітарыяў — прэс-тур БАЖ у ПВТ

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» разам з Адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій у Мінску арганізавала прэс-тур для журналістаў. Супрацоўнікі медыя даведаліся пра адукацыйныя праграмы, паглядзелі, як знутры выглядае IT-індустрыя, што неверагодна хутка развіваецца ў Беларусі.

    Апроч экскурсіі ў Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій, журналісты наведалі брыфінг у межах форума «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі», арганізаваны Міністэрствам адукацыі Беларусі.

    Як ІТ-індустрыя прадстаўленая ў медыя? Якія ўяўленні мае аўдыторыя пра «стандартнага айцішніка»? Ці ведаем мы, хто кіруе магутным бізнесам? Як ІТ-індустрыя зменіць рэгіёны ў бліжэйшы час?

    На ўсе гэтыя пытанні ўдзельнікі прэс-тура спрабавалі знайсці адказы падчас брыфінгу з удзелам дырэктара Адукацыйнага цэнтра ПВТ у Гродна Кацярыны Радзюн, Яўгена Вайцяховіча — ён перакваліфікаваўся на Front-End распрацоўшчыка пасля працы на «БелАЗе», кіраўніка Аддзела па працы з кліентамі АЦ ПВТ Наталлі Хаханавай.

    Намесніца дырэктара па навучальнай працы Дзіцячай акадэміі Адукацыйнага цэнтра ПВТ Ірына Васільева

     

    Кацярына Радзюн, дырэктар філіяла Адукацыйнага цэнтра ПВТ ў Гродна, расказала пра тое як ІТ-індустрыя мяняе горад:

    «У нас шмат групаў ІТ-спецыялістаў, якія збіраюцца па сваіх накірунках: бізнес-аналіз, JAVA-праграмаванне, тэсціроўшчыкі. Мінімум раз на месяц яны сустракаюцца, дзеляцца ведамі, плануюць удзел у канферэнцыях. ІТ-спецыялісты не прывязаныя да месца. Яны могуць жыць там, дзе ім камфортна. А калі добрую адукацыю і працу можна атрымаць у нас, то эміграваць не мае сэнсу».

    Яўген Вайцяховіч, Жодзіна: «Самы першы сайт, які я «сабраў», каштаваў 25 долараў. Самы дарагі мой праект каштуе каля 7 тысяч долараў».

    «Перад пачаткам навучання мы прапануем слухачам прайсці тэсты, якія выяўляюць наколькі ў чалавека ёсць схільнасці да канкрэтнага накірунка. Тэсты дапамагаюць выявіць ключавыя кампетэнцыі. Напрыклад, для тэсціроўшчыка гэта — увага, для праграміста — логіка. Таксама ёсць курсы, якія патрабуюць папярэдняй падрыхтоўкі, напрыклад, праграмаванне на JAVA ці Python. Тэсты паказваюць наколькі чалавек гатовы да курса, а калі бал нізкі, мы прапануем падрыхтоўчыя адукацыйныя праграмы», — распавяла начальнік аддзела па працы з кліентамі Адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Наталля Хаханава.

    Аміна Ідзігава

    Аміна Ідзігава — вядомы ў Беларусі кансультант і HR-эксперт: «Цяпер у ІТ-індустрыі ў Беларусі працуе 30 тыс. чалавек. І яшчэ столькі ж мы гатовыя працаўладкаваць. Але іх няма дзе ўзяць».

    Аміна па адукацыі журналістка, але сышла ў ІТ-індустрыю, і не шкадуе. Яна лічыць, што перспектыва «пайсці ў ІТ» чакае ў будучым многіх гуманітарыяў, тых, хто далёкі ад напісання кода.

    Чаму?

    Паводле Аміны, індустрыя ўсё больш патрабуе «людзей-гібрыдаў», якія здольныя спалучаць глабальнае бачанне, уменне вырашаць праблемы, асабістыя навыкі і прафесійныя кампетэнцыі.

    «Сярод самых запатрабаваных навыкаў у ІТ сёння — здольнасць вырашаць праблемы, эфектыўна працаваць у камандзе, камунікатыўнасць, мець схільнасці да лідарства, аналітычныя здольнасці», — кажа HR-эксперт.

    Важная заўвага:  фармальная адукацыя губляе сваю актуальнасць.

    Як прыклад, такія вядомыя карпарацыі, як Google, Apple, IBM, E&Y і іншыя, ужо не пытаюцца ў сваіх будучых супрацоўнікаў дыплом.

    Не мае значэння і ўзрост.

    «Афіцыйны ўзрост «маладосці» працягнуты да 45 год. І ваш узрост ужо не мае значэння. Важна, што вы ўмееце», — кажа Аміна.

    І гэта добрая навіна.

    Яшчэ цытаты з прэзентацыі Аміны Індзігавай:

    «Кар’ера згубіла лінейнасць. Нават калі вы не рухаецеся наперад, а інвестуеце ў сябе, у будучыні вас можа чакаць уздым».

    «Да 2020 года кожны пяты супрацоўнік у ІТ-кампаніі будзе фрылансерам. Праца «на поўную стаўку» знікае».

    «Адукацыя становіцца канструктарам з ведаў, якія чалавек можа перафарматаваць для сваіх патрэбаў».

    «Галоўныя навыкі для ІТ сёння — умець чытаць (як ні дзіўна гэта гучыць), гугліць, ведаць англійскую мову, валодаць soft skills».

    ***

    Аліна Скрабунова, Магілёў, журналіст-фрылансер: «Цяпер мне будзе не так страшна падыходзіць да тэмы ІТ. Я пабачыла, што там працуюць людзі, з якімі можна знайсці паразуменне. Яны могуць патлумачыць усё тымі ж словамі, якімі мы карыстаемся ў працы над іншымі тэмамі. Без паглыбленай тэрміналогіі». Матэрыял Аліны Скрабуновай ТУТ.

    Базыль Матырка, вёска Слабодка, Лепельскі раён, Віцебская вобласць, карэспандэнт газеты «Лепельскі край»: «Я даведаўся, што ў папулярнай і прыбытковай сферы ІТ ёсць недахоп кадраў. Здавалася б, чэргі павінны стаяць! Цікава тое, што ёсць магчымасць для людзей з рэгіёнаў працаваць у такой сучаснай і мадэрновай галіне і не пераязджаць у сталіцу. З іншага боку, хацелася б яшчэ пачуць, як ІТ-індустрыя магла б быць задзейнічаная ў мясцовых рэгіянальных умовах».

    Аляксей Харкевіч, Гомель, партал «Дзелавы Гомель»: «Было цікава ўбачыць, як дзеці навучаюцца на «Майнкрафце». Я не ведаў, што ў гульні можна практыкавацца распрацоўваць алгарытм».

    ГА «БАЖ» разам з Адукацыйным цэнтрам ПВТ абвесціў конкурс на лепшую публікацыю па выніках прэс-тура. Пераможца зможа прайсці адукацыйны курс «Асновы вэб-тэхналогій».

    Падзяку ў арганізацыі прэс-тура выказваем калектыву Адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій, маркетолагу Дзіяне Качатковай, намесніцы дырэктара Наталлі Цэлагуз, дырэктару Аддзела па працы з кліентамі Наталлі Хаханавай, намесніцы дырэктара па навучальнай працы Дзіцячай акадэміі Адукацыйнага цэнтра ПВТ Ірыне Васільевай.

    Фота Таццяны Свірэпа

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці