У Бабруйскім выканкаме забараняюць фатаграфаваць і даглядаюць праз металашукальнік
На пытанне журналіста пра падставу такіх новаўвядзенняў мясцовыя чыноўнікі адказваюць: “Мы так вырашылі”.
Журналіст інтэрнэт-газеты “Бобруйский курьер” прыйшоў у выканкам за інфармацыяй для матэрыялу. На ўваходзе супрацоўнік міліцыі папрасіў яго прайсці праз рамку-металадэтэктар. Літаральна месяц таму яе яшчэ не было. Міліцыянт патлумачыў, што ўсталявалі рамку “ў сувязі з нядаўнімі падзеямі”. Якімі – не патлумачыў. Шукаць усю інфармацыю пра рашэнне адправіў у дэпартамент аховы, у якім у сваю чаргу сказалі, што не маюць права адказваць на такія пытанні.
Калі журналіст хацеў сфатаграфаваць рамку, супрацоўнік міліцыі сказаў, што гэта забаронена, і што ўвогуле нельга здымаць у выканкаме. Спаслаўся на загад, але паказаць яго ў пісьмовым выглядзе не змог.
“Ідзіце фатаграфуйце дамы і кветкі”
Кіраўніца справамі выканкама Людміла Пагуда на пытанне пра забарону фатаграфаваць адказала пытаннем:
“А навошта вам здымаць? Вам мала ў горадзе месцаў для фотаздымкаў? Навошта здымаць супрацоўніка міліцыі ці нашых супрацоўнікаў? Яны што – не людзі? А можа яны не хочуць, каб іх фатаграфавалі? Ідзіце і фатаграфуйце дамы, кветкі”.
У той жа час забарона на здымкі ў адміністрацыйных органах дзяржаўнай улады супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.
Канстытуцыя гарантуе права на “атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў”. Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” сцвярджае, што доступ да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў абмяжоўвацца не можа за выключэннем дзяржаўных сакрэтаў.
Але ці фае Бабруйскага выканкама – дзяржаўная таямніца? То бок калідоры і кабінеты ведамстваў, выканкамаў – гэта грамадскія месцы, і любы чалавек мае права іх фатаграфаваць, як і чыноўнікаў за працай, не перашкаджаючы гэтай працы.