Таццяну Каравянкову выклікаюць у Следчы камітэт сёння, Ірыну Леўшыну — у чацвер
6 лістапада к 16 гадзінам у Следчы камітэт выкліканая міжнародны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова.
8 лістапада к 10 гадзінам — галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, якая раней адмовілася ад дачы паказанняў. Яны з‘яўляюцца фігуранткамі «справы БелТА», і, па ўсім відаць, ім таксама будзе выстаўленае абвінавачанне.
Нагадаем, што чатыром супрацоўнікам партала tut.by 5 лістапада было выстаўленае абвінавачанне па «справе БелТА».
«У прыватнасці, абвінавачанне ў тым, што «наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці здзейсніла несанкцыянаваныя доступы да камп‘ютарнай інфармацыі, якая захоўваецца ў камп‘ютарнай сістэме і сетцы рэспубліканскага УП «БелТА», што суправаджалася парушэннем сістэмы абароны і мела вынікам па неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды», выстаўленае чатыром супрацоўнікам партала tut.by», — паведаміла рэдакцыя на сваім сайце.
Сума шкоды вар‘іруецца ад 3.000 да 14.230 рублёў.
Мера стрымання абвінавачваным абраная «ў выглядзе падпіскі аб належных паводзінах і падпіскі аб нявыездзе».
7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя Ірына Леўшына, Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра невыдаванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
5 лістапада па ўсім свеце праводзіцца кампанія «Станем за журналістыку». З 2007 года акцыю арганізуе Міжнародная федэрацыя журналістаў з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да галоўных пагроз, з якімі сутыкаюцца работнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, сёлета галоўнай пагрозай у краіне стала распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя — «справа БелТА».